У гэтым годзе Каталіцкі
Касцёл у Беларусі адзначае значны юбілей – 100-годдзе нараджэння беларускага грэка-каталіцкага
біскупа Чэслава Сіповіча. Імя гісторыка, культуролага, публіцыста, экуменіста і змагара
за нацыянальнае адраджэнне беларусаў непарыўна звязана з яго малой радзімай – мястэчкам
Друя, цяпер у Віцебскай вобласці, дзе ў гімназіі пры кляштары марыянаў будучы іерарх
вучыўся і тут пачаў свой духоўны шлях. Увогуле для мясцовага Касцёла Друя – месца
знаковае і сакральнае. У 1924-1938 гг. тут знаходзілася бадай самая буйная беларускамоўная
каталіцкая супольнасць. Друя, нягледзячы на час, нялёгкія абставіны і палітычныя працэсы,
здолела выхаваць не аднаго знакамітага сына сваёй зямлі і захаваць беларускі дух.
Пробаш парафіі Найсвяцейшай Тройцы ў Друі кс. Сяргей Сурыновіч у інтэрв’ю
Беларускай рэдакцыі Ватыканскага радыё нагадаў, што Друя заўсёды збірала людзей, якія
хацелі размаўляць, маліцца і прапаведваць па-беларуску. “Друя з пачатку ХХ стагоддзя
была сталіцай беларускай мовы. Магчыма таму тыя маладыя людзі, якія шукалі свайго
паклікання, калі апынуліся ў Друе, датыкнуліся да сваіх каранёў, да беларускасці і
зразумелі, наколькі сакавітая і смачная гэта беларуская мова ў кантэксце прабывання
перад Богам, служэння Богу і людзям у Касцёле. Чэслаў Сіповіч знайшоў не толькі сваё
пакліканне ў Друі, у кляштары, але і самаго сябе як беларуса. Яго станаўленне ў беларускасці
таксама адбывалася ў Друі. Перакананы, што Друя стала той кропкай выйсця, якую ён
пранёс праз усё сваё жыццё, калі жыў ужо ў Лондане і там збіраў беларусаў”, - нагадаў
гісторыю святар.
Насамрэч, Чэслава Сіповіча ў 1938 г. паводле загаду польскіх
уладаў разам з іншымі марыянскімі студэнтамі выселелі з друйскага кляштара і яны не
змаглі працягваць навучанне ва ўніверсітэце, бо вяртацца ў Вільню ім не дазволілі.
Ён працягнуў сваю адукацыю ў Рыме, жыў і служыў у Лондане і напрацягу ўсяго жыцця
захоўваў сувязь з радзімай і беларускай мовай, хай і на адлегласці. Магчыма, менавіта
кіламетры нацыянальную свядомасць у святара, а потым біскупа, і ўмацоўвалі. З іншага
боку, дзякуючы такім людзям пра Беларусь і беларускую мову даведаліся ў свеце, лічыць
айцец Сяргей Сурыновіч. “Не толькі ў Друі былі такія ўспышкі беларускасці, гэта быў
час адраджэння нацыянальнай культуры, станаўлення сучаснай беларускай літаратурнай
мовы. Беларускія асяродкі з’яўляліся у розных месцах, асабліва ў заходняй частцы Беларусі,
на Віленшчыне: гэта і кс. Адам Станкевіч, і кс. Ільдэфонс Бобіч. Але Друя гэта тое
месца, якое згуртавала больш людзей, якія менавіта панеслі беларускую мову ў свет,
таксама за мяжу”, - сказаў святар.
Кс. Сяргей Сурыновіч працуе ў Друі два
гады і першае ўражанне аб знакамітым месцы – а ён шмат ведаў аб ім да гэтага – было
балючым. Гістарычная спадчына зараз знаходзіцца ў жалосным стане – патрабуецца тэрміновы
рэмонт. Але нягледзячы на гэта, святар застаўся тут служыць і ўпэўніўся, парафія жыве
– кожную нядзелю тут можна бачыць журналістаў, пісьменнікаў, літаратараў, краязнаўцаў
і простых людзей. Канечшне, часцей беларускамоўных, заўважыў пробашч. “Яны ўжо робяць
вялікую справу, дапамагаюць Друі: яна часта з’яўляецца на старонках прэсы, у інтернэт-выданнях,
аб Друі здымаюць фільмы. Друя кліча людзей. У маім бачанні па-першае, тут трэба адназначна
рабіць рамонт, па-другое, Друя магла б стаць сапраўднай навуковай і культурнай сталіцай
нашай дыяцэзіі. Тут можа знаходзіцца духоўны цэнтр, цэнтр для рэкалекцый – ёсць для
гэтага ўмовы і вялікія памяшканні. А галоўнае можна было б прыцягваць людзей на нейкія
культурныя і духоўныя мерапрыемствы”, - лічыць святар.
Калі адбудзецца адраджэнне
друйскага кляштара, пакуль не вядома. Але тое, што Друя, з якой выйшаў біскуп Чэслаў
Сіповіч, прыцягвае людзей не знешнім выглядам, а асаблівым магнетызмам, багатай гісторыяй
і прыгожай малітвай па-беларуску – гэта відавочна. Так было, ёсць і будзе, спадзяецца
кс. Сяргей Сурыновіч.