2014-12-17 13:53:16

Прыняць Езуса ў сем'ях


RealAudioMP3 Сям’я з Назарэту не была выдуманай, неіснуючай. Марыя – маці, гатавала ежу, займалася домам, прала кашулі, Юзаф – тата, працаваў цесляром, падкрэсліў папа Францішак 17 снежня 2014 г. падчас агульнай аўдыенцыі на плошчы св. Пятра. Пантыфік працягнуў цыкл катэхез, прысвечаных сям’і, нагадаўшы пра важнасць разважання над гэтай тэмай у кантэксце будучага Сінода Біскупаў. У першую чаргу, Папа падкрэсліў, што сам Езус не з’явіўся на зямлі як воін ці імператар, але нарадзіўся ў сям’і, “у далёкай вёсцы на перыферыі Рымскай Імперыі”. “Не ў Рыме – горадзе, які быў сталіцай імперыі – не ў вялікім горадзе, але на амаль незаўважальнай перыферыі. Больш за тое, на перыферыі з нядобрай славай. Пра гэта нагадваюць таксама Евангеллі, амаль як прыслоўе: “Ці можа быць штосьці добрае з Назарэта?”. Магчыма, у многіх частках свету мы самі кажам падобным чынам, калі чуем пра перыферыю якога-небудзь горада. І менавіта адсюль, з гэтай перыферыі вялікай імперыі, пачалася самая святая і добрая гісторыя – гісторыя Езуса сярод людзей”, - сказаў Папа.

Пантыфік заўважыў, што ў Назарэце Збаўца прабываў на працягу 30 гадоў. Тут Ён жыў у паслухмянасці Марыі і Юзафу, “узрастаў у мудрасці, у гадах і ў ласцы ў Бога і ў людзей”. Гэта значыць, займаўся “нармальнымі” справамі: не здзяйсняў цудаў, аздараўленняў, не прапаведваў, сказаў Францішак. “Евангеліі ў сваёй сцісласці не кажуць нам нічога аб Езусе ў падлеткавым узросце і пакідаюць гэта заданне нашай далікатнай медытацыі. Мастацтва, літаратура, музыка прайшлі гэты шлях уяўлення. Канешне, не скаладана ўявіць колькі маці могуць пераняць ад клопату Марыі аб сваім Сыне! Колькі таты могуць узяць з прыкладу Юзафа, справядлівага чалавека, які прысвяціў сваё жыццё падтрымцы і абароне свайго дзіцяці і жонкі – сваёй сям’і – у складаныя перыяды! Не кажучы ўжо пра тое, наколькі хлопцаў можа натхніць прыклад Езуса-падлетка, каб зразумець неабходнасць і прыгажосць клопату аб сваімі самым глыбокім пакліканні, мараў аб вялікім!”, - сказаў Папа.

Паводле Святога Айца, кожная хрысціянская сям’я, па прыкладзе Марыі і Юзафа, можа прыняць Езуса, слухаць Яго, размаўляць з Ім, ахоўваць Яго, бараніць, расці з Ім – “і такім чынам рабіць лепшым свет”.

“Пакінем месца для Пана ў нашай штодзённасці і нашых сэрцах. Так рабілі Марыя і Юзаф, і гэта не было проста: колькі цяжкасцяў, яны павінны былі пераадолець! Яны не былі выдуманай, неіснуючай сям’ёй. Сям’я з Назарэту падштурхоўвае нас адкрыць пакліканне і місію сям’і, кожнай сям’і. І тое, што адбывалася на працягу 30 гадоў у Назарэце, можам рабіць таксама і мы – дапамагаць любові станавіцца звычайнай справай, замест нянавісці, спрыяць таму, каб стала агульнапрынятай узаемная дапамога, а не абыякавасць і варожасць. Невыпадкова “Назарэт” азначае “Той, хто захоўвае”, як Марыя, згодна з Евангеллем, “захоўвала ўсе гэтыя словы ў сваім сэрцы”. З таго часу, кожны раз, калі якая-небудзь сям’я захоўвае гэту таямніцу, нават на перыферыі свету, дзейнічае таямніца Сына Божага, Езуса, Які прыбывае, каб нас збавіць. Прыбывае, каб збавіць свет”, - сказаў Папа.

Францішак заклікаў сем’і стварыць у сваім асяроддзі месца для надыходзячага Хрыста: прымаць Яго ў дзецях, у мужах, жонках, дзядулях і бабулях. Менавіта ў гэтым, на думку Святога Айца, заключаецца вялікая місія сям’і.








All the contents on this site are copyrighted ©.