2014-12-18 11:36:32

Пантыфік прыняў дэлегацыю нямецкіх лютаранаў


RealAudioMP3 18 снежня 2014 г. папа Францішак сустрэўся з дэлегацыяй Нямецкай Евангелічна-Лютаранскай Царквы. У сваім звароце да ўдзельнікаў сустрэчы Пантыфік падкрэсліў, што ў афіцыйным дыялогу паміж лютаранамі і католікамі, які ідзе ўжо амаль пяцьдзясят гадоў, дасягнуты значны прагрэс, які з’яўляецца цвёрдым падмуркам шчырага сяброўства. На думку Святога Айца, нягледзячы на тэалагічныя адрозненні ў некаторых пытаннях, жыццё лютаранаў і католікоў характарызуюць супрацоўніцтва, братэрства і агульны экуменічны шлях. Супольныя дакументы, такія як Сумесная дэкларацыя аб дактрыне апраўдання, падпісаная Сусветнай лютаранскай федэрацыяй і Каталіцкім Касцёлам у Аўгсбургу, служаць важнымі вехамі на гэтым шляху.

Нягледзячы на адкрытыя пытанні і розныя інтэрпрэтацыі касцёльнага адзінства, трэба накіроўваць усе намаганні на тое, каб рабіць наступныя магчымыя крокі, лічыць папа Францішак. Менавіта таму 21 лістапада званы ўсіх сабораў у Германіі запрашалі братоў-хрысціянаў на супольную літургію з нагоды пяцідзесяццігоддзя абвяшчэння Дэкрэта “Unitatis redintegratio» II Ватыканскага Сабора. Святы Айцец выказаў задавальненне ў сувязі з тым, што Камісія двухбаковага дыялогу паміж Канферэнцыяй Біскупаў Германіі і Нямецкай Евангелічна-Лютаранскай Царквой заканчвае працу, прысвечаную тэме “Бог і чалавечая годнасць”. Немагчыма абыйсці маўчаннем такія актуальныя пытанні, як чалавечай годнасці напачатку і ў канцы жыцця, а таксама пытанні сям’і і сужэнства, перакананы Пантыфік.

Папа нагадаў, што ў 2017 г. лютаране і католікі ўпершыню будуць сумесна адзначаць 500-годдзе Рэфармацыі – у форме не трыумфальнага святкавання, але абвяшчэння агульнай веры ў Бога. У цэнтры гэтай падзеі будзе агульная малітва аб прабачэнні ўзаемнай віны, а таксама радасць сумеснага праходжання экуменічнага шляху, сказаў Святы Айцец.








All the contents on this site are copyrighted ©.