2014-12-18 10:41:00

Францішак задаволены аднаўленнем адносін паміж ЗША і Кубай


RealAudioMP3 Святы Айцец выказаў глыбокае задавальненне гістарычным рашэннем кіраўніцтва ЗША і Кубы аднавіць узаемныя дыпламатычныя адносіны, з мэтай пераўзыходжання, у інтарэсах сваіх грамадзян, цяжкасцяў, якімі адзначаліся ўзаемныя адносіны на працягу навейшай гісторыі. У спецыяльным паведамленні ватыканскага Дзяржсакратарыяту, апублікаваным верачарам 17 снежня 2014 г., адзначаецца, што “на працягу апошніх месяцаў Святы Айцец Францішак напісаў лісты Прэзідэнту Рэспублікі Куба Раулю Кастра і Прэзідэнту ЗША Бараку Абаме, запрашаючы іх вырашыць гуманітарныя пытанні, якія ўяўляюць цікавасць для абодвух бакоў, сярод якіх сітуацыя некаторых зняволеных, з мэтай пачаць новы этап у адносінах паміж гэтымі краінамі”. “Святы Пасад, прымаючы ў кастрычніку ў Ватыкане дэлегацыі гэтых двух краін, пажадала прапанаваць сваю шчырую паслугу, каб паспрыяць канструктыўнаму дыялогу адносна далікатных тэм, вынікам якога маглі б стаць рашэнні, задавальняючыя абодва бакі. Святы Пасад працягне забяспечваць сваёй падтрымкай ініцыятывы, якія абедзьве краіны прымуць дзеля ўмацавання двухбаковых адносін і спрыяння дабрабыту сваіх грамадзян”, гаворыцца ў паведамленні Апостальскай Сталіцы.

Дыпламатычныя адносіны паміж Кубай і ЗША былі разарваны ў 1961 г. Аб іх аднаўленні лідэры краін паведамілі 17 снежня 2014 г. у адпаведных тэлезваротах да грамадзян. Між іншым Рауль Кастра і Барак Абама адзначылі асаблівую ролю папы Францішка ў гэтым працэсе. “У прыватнасці хачу падзякаваць Яго Святасці Папе Францішку, чый маральны прыклад паказвае нам, што важна будаваць свет такім, якім ён павінен быць, а не проста прымаць яго такім, якім ён з’яўляецца”, - сказаў амерыканскі лідэр. Рауль Кастра таксама выказаў падзяку “Ватыкану і ў прыватнасці папе Францішку за спрыянне паляпшэнню адносін”.








All the contents on this site are copyrighted ©.