2014-12-18 13:28:20

Францішак павіншаваў з Божым Нараджэннем італьянскую моладзь


RealAudioMP3 Папа Францішак павіншаваў з Божым Нараджэннем моладзь, якая ўдзельнічае ў італьянскім руху “Каталіцкая Акцыя” і скарыстаўся гэтай магчымасцю, каб даць ім некалькі парад аб тым, як паводзіць сябе ў гэтай каталіцкай арганізацыі, у сям’і і грамадстве. Па-першае, Святы Айцец параіў моладзі “ніколі не здавацца”, бо Езус прадугледзеў, што свой шлях яны будуць будаваць разам з бацькамі, братамі, сябрамі, аднакласнікамі, таварышамі па парафіі, супольнасці. Па-другое, Папа пажадаў ім “не заставацца абыякавымі да бедных, пакутуючых і самотных”, бо той, хто любіць Хрыста, не можа не любіць бліжняга. Трэцяя парада Святога Айца – “любіць Касцёл і святароў, служыць грамадству”, дзяліцца сваім часам, энергіяй, здольнасцямі ў рамках парафіі. Па-чацвёртае, Францішак параіў моладзі “быць апосталамі міру і спакою, пачынаючы з сваёй сям’і”, нагадваць бацькам, братам, сябрам пра тое, што ўсе непаразуменні могуць быць пераадолены. Апошняя, пятая, парада Папы для моладзі – “размаўляць з Езусам”, самым вялікім сябрам, які ніколі не пакіне, давяраць Яму радасці і беды, бегчы да яго кожны раз, калі яны памыляюцца і робяць нешта дрэннае, быць упэўненымі, што Ён прабачыць. А таксама распавядаць усім пра Езуса, пра яго любоў, міласэрнасць, пяшчоту і сяброўства.

Папа перакананы, што многія дзеці і падлеткі ўжо і зараз шмат у чым так і паступаюць. Але напярэдадні Божага Нараджэння Езус жадае зрабіць іх Сваімі яшчэ больш рашучымі, перакананымі і радаснымі паслядоўнікамі, сказаў ён.








All the contents on this site are copyrighted ©.