2014-12-20 10:56:22

Кадравая стратэгія ў Пінскай дыяцэзіі – адказ на новыя выклікі


RealAudioMP3 На пачатку новага літургічнага году ў Пінскай дыяцэзіі адбыліся змены і новыя прызначэнні сярод святароў. Біскуп Антоній Дзям’янка зацвердзіў духоўных асоб на 24 пасадах. Святары былі прызначаны рэферэнтамі, візітатарамі, душпастырамі, каардынатарамі, старшынямі розных камісій. Аб сэнсе дадзеных прызначэнняў Беларуская рэдакцыя Ватыканскага радыё пагутарыла з кс. Андрэем Рылкам, канцлерам Піскай дыяцэзіі, які быў прызначаны таксама рэферэнтам ад Пінскай дыяцэзіі ў Камісіі па справах каталіцкай адукацыі і катэхезы, пастырства студэнтаў і працаўнікоў універсітэтаў пры Канферэнцыі Каталіцкіх Біскупаў у Беларусі, і кс. Паўлам Ярашэвічам, душпастырам моладзі і студэнтаў Пінскага дэканату.

Прызначэнне рэферэнтам па справах каталіцкай адукацыі кс. Андрэй Рылка лічыць вельмі важным заданнем. Сваю задачу на дадзенай пасадзе ён бачыць у тым, каб дапамагчы сваім дарадчым голасам у аптымізацыі дзейнасці Касцёла ў сферы адукацыі, у першую чаргу – каталіцкай адукацыі.

Па вядомых гістарычных прычынах каталіцкая адукацыя ў нас толькі цяпер пачынае адраджацца. І перад Камісіяй стаіць важнае заданне – дапамагчы гэтаму на месцах. Існуюць некалькі навучальных устаноў больш значных – духоўныя семінарыі ў Пінску і Гродне, катэхетычныя і тэалагічныя каледжы ў Мінску, Баранавічах, Гродне, рыхтуецца дакументацыя на тое, каб пачала існаваць тэалагічная акадэмія ў Мінску. Але гэта ўсё агульныя навучальныя ўстановы.

“Стаіць востра пытанне таксама аб тым, ці можна было б нейкім чынам арганізаваць або школы, або курсы для дзяцей і моладзі, каталіцкія дзіцячыя садкі і, вядома, што там адразу паўстане пытанне педагогікі, каталіцкай педагогікі, каб па-хрысціянску гэта ўсё было арганізавана. Гэта ўсё – выклікі, якія чакаюць менавіта гэтую камісію, што займаецца адукацыяй. Даволі моцна голас народа, скажам так, гучыць у гэтым накірунку ў Мінску, у вялікіх абласных гарадах, дзе шмат сканцэнтравана маладых католікаў, сямей – там адчуваецца патрэба. Яны пытаюцца ў святароў, святары пытаюцца ў біскупаў. А біскупы будуць ставіць перад камісіяй канкрэтнае пытанне: як гэта можна было б нам з дзяржаўнымі ўладамі арганізаваць у гэтым накірунку працу, каб гэта было і добра для грамадства, і таксама каб католікі адчувалі, што іх дзеці выхоўваюцца па-хрысціянску”, - паведаміў святар.

Ужо каля 20 гадоў у Беларусі існуюць курсы, а затым каледжы, якія рыхтуюць катэхетаў. Можна сказаць, што парафіі забяспечаны катэхетамі. Толькі зноў жа ўзнікае пытанне ўзроўню іх падрыхтоўкі і адукацыі. Мала скончыць трохгадовую вучобу ў каледжы – патрэбна пастаянная адукацыя.

“Людзі праходзяць, змяняюцца пакаленні, умовы жыцця і працы, і таксама гэта выклік для саміх катэхетаў, каб таксама дастасоўвацца, асабліва да развіцця электроннай тэхнікі, выкарыстоўваць новыя метады ў катэхізацыі дзяцей, так што у гэтым плане поле вельмі вялікае для дзейнасці”, - сказаў кс. Андрэй Рылка.

Кс. Павел Ярашэвіч нядаўна быў прызначаны душпастырам моладзі і студэнтаў Пінскага дэканату. Новую пасаду святар ацэньвае як адказнасць за маладое пакаленне і магчымасць праз канкрэтныя справы дапамагчы яму. Напрыклад, 13-14 снежня моладзь з розных парафій Пінскай дыяцэзіі адправілася на начное чуванне ў Мінск. У Баранавічах на пачатку лютага адбудзецца моладзевы фестываль хрысціянскай музыкі.

“Гэта ўсё частка той праграмы, якая запланавана, і выконваецца з удзелам моладзі з розных парафій, амаль з усёй дыяцэзіі. Асаблівая ўвага, канешне, ускладаецца на пілігрымкі, на летні час, калі моладзь мае больш часу. Летам арганізоўваюцца, апроч пілігрымак, так званыя “Канікулы з Богам”, рэкалекцыі, і многае іншае. Думаю, біскуп мае рацыю, што трэба адказваць на сучасныя выклікі, і прызначае людзей, якія адказваюць за гэта, клапоцяцца аб гэтым. Бо моладзь – наша будучыня, без якой немагчыма будзе пазней нешта зрабіць”, - патлумачыў малады душпастыр.

Сам ксёндз Павел у сваім дзяцінстве і юнацтве меў цудоўныя прыклады з боку духоўных асоб – святароў, сясцёр законных – якія дапамаглі яму выбраць правільны жыццёвы шлях.

“Былі ксяндзы, сёстры законныя, на якіх я хацеў быць падобным. Цікава, але для мяне гэта быў такі прыклад, што большасць дарослых, з якімі я сустракаўся ў дзяцінстве, не былі радаснымі і шчаслівымі, бо мелі шмат клопатаў, заданняў, праблемаў на працы, нараканняў. А гэтыя людзі, прысвечаныя Богу, заўсёды ўсміхаліся, былі шчаслівымі, заўсёды мелі час адказаць на тваё пытанне, вазіцца з табой, займацца табой. І таму для мяне ў дзяцінстве гэта быў сапраўдны прыклад таго, што жыць з Богам – гэта сапраўды радасна, гэта прыносіць асалоду”, - распавёў святар.

Як жа заахвоціць моладзь да актыўнага духоўнага жыцця? Святар лічыць, што на першым месцы стаіць асабісты прыклад, бо на сённяшні дзень моладзь мае зашмат прыкладаў для наследавання, не заўсёды добрых, не заўсёды маральных, хрысціянскіх. І святар у першую чаргу павінен на сваім прыкладзе паказаць, што з Богам жыць магчыма, гэта не складана, гэта не непапулярна – гэта прыносіць шчасце і сапраўдную радасць.

Алена Германовіч, Павел Міцкевіч, Пінская дыяцэзія








All the contents on this site are copyrighted ©.