2014-12-23 13:12:38

Пантыфік напісаў ліст да католікаў Блізкага Усходу


RealAudioMP3 Папа Францішак напісаў адмысловы ліст да католікаў Блізкага Усходу напярэдадні Хрыстовага Нараджэння, у якім заахвоціў іх мужна вызнаваць сваю веру. Ён прызнаўся ў сваёй занепакоенасці лёсам вучняў Хрыста, якія жывуць на Святой Зямлі з апостальскіх часоў, і выказаў салідарнасць усяго Касцёла з імі. Папа спадзяецца, што некалі сам асабіста наведае і суцешыць мясцовых хрысціян. У лісце, апублікаваным 23 снежня 2014 г., Пантыфік рашуча асудзіў тэрарыстычную дзейнасць “Ісламскай Дзяржавы” і іх неверагодныя злачынствы. Кажучы пра пакуты ахвяраў, ён адзначыў, што “звяртаецца да Бога і заклікае ўсіх да ўключэння у дапамогу, да малітвы і да ўсіх відаў ініцыятыў”. Святы Айцец падкрэсліў, што ў часы выпрабаванняў трэба быць прывязанымі да Хрыста, і заахвоціў, каб складаны досвед умацаваў веру і вернасць, адрадзіў братэрства і адзінства, вёў да святасці.

Пантыфік адзначыў, што складаныя выклікі з’яўляюцца магчымасцю ўмацаваць адносіны паміж католікамі розных абрадаў і хрысціянамі розных канфесій. “Гэта экумэнізм крыві, які патрабуе даверу да Святога Духа”, - напісаў ён. Францішак падкрэсліў важнасць хрысціянскай прысутнасці на Блізкім Усходзе і ўказаў на важнасць міжрэлігійнага дыялога, усё больш неабходнага ў складанай сітуацыі сучаснасці. “Дыялог, заснаваны на адкрытасці ў праўдзе і любові, з’яўляецца лепшым проціяддзем ад спакусы рэлігійнага фундаменталізму, які ўяўляе сабой пагрозу для людзей усіх веравызнанняў. Дыялог таксама з’яўляецца служэннем справядлівасці і неабходнай умовай для доўгачаканага міру”, - лічыць Папа.

Францішак падкрэсліў, што хрысціяне могуць таксама дапамагчы мусульманам, паказаўшы, што, як яны самі кажуць, іслам з’яўляецца рэлігіяй міру і можа знаходзіцца ў гармоніі з павагай да правоў чалавека і садзейнічаць суіснаванню ўсіх. Адначасова ён адзначыў, што “драматычная сітуацыя жыцця нашых братоў-хрысціян у Іраку, але і езідаў і прадстаўнікоў іншых рэлігійных і этнічных супольнасцяў, патрабуе ад усіх рэлігійных лідэраў заняцця выразнай і смелай пазіцыі, каб аднагалосна і без любой двухсэнсоўнасці асудзіць такія злачынствы і практыку выкарыстання рэлігіі для іх апраўдання”.

Святы Айцец адзначыў, што хрысціянскім пакліканнем з’яўляецца актыўны ўдзел у жыцці сваіх краін, умацаванне міру, паяднанне і развіццё, у супрацоўніцтве з нацыянальнымі і міжнароднымі органамі. Ён падкрэсліў важнасць прысутнасці святароў сярод вернікаў у цяжкія моманты гісторыі. Папа заклікаў таксама моладзь “не баяцца і не соромецца быць хрысціянамі”; пажылых людзей – перадаваць веру і традыцыі новым пакаленням; працуючым у дабрачынных і адукацыйных праектах – выхоўваць да культуры сустрэчы, павагі да годнасці чалавека і абсалютнай каштоўнасці кожнай чалавечай істоты. Пантыфік запэўніў блізкаўсходніх католікаў у салідарнасці і падтрымцы ўсяго Касцёла.

Папа таксама заклікаў міжнародную супольнасць паскорыць падтрымку для ўсяго Блізкага Усходу, як праз мірныя ініцыятывы і малітву, так і гуманітарную дапамогу. Святы Айцец выказаў падзяку хрысціянам на Блізкім Усходзе за іх сведчанне і малітву ў сваёй інтэнцыі. “Я вельмі спадзяюся, што мне будзе дадзена ласка прыбыць да вас асабіста, каб вас наведаць і падтрымаць”, - напісаў Папа. Ён даверыў мясцовых вернікаў апецы Маці Божай і ўдзяліў сваё апостальскае благаслаўленне, жадаючы перажыць Божае Нараджэнне ў любові і спакоі Хрыста Збаўцы.







All the contents on this site are copyrighted ©.