Твор Моцарта падчас папскай літургіі Божага Нараджэння
У сераду 24 снежня
2014 г. падчас Эўхарыстыі на Божае Нараджэнне ў ватыканскай базіліцы будзе гучаць
музыка Моцарта, а менавіта твор “Et incarnatus est” з так званай “Вялікай імшы”. Яго
выканае сімфанічны аркестр з Піцбурга пад кіраўніцтвам Манфрэда Хонека, з удзелам
ізраільскай сапрана Чэн Рэйс. Ідэя такога роду музычнага афармлення папскай літургіі
належыць кс. Масіма Паламбэле, кіраўніку хора Сікстынскай капэлы. Яго мэта, як прызнаўся
сам святар у інтэрв’ю Ватыканскаму радыё, адкрыццё сучаснай літургіі на вялікую спадчыну
духоўнай музыкі.
“Некаторыя кажуць, што разам з літургічнай рэформай усё было
скончана, няма больш вялікай спадчыны Касцёла. Іншыя лічаць, што па прычыне рэформы
трэба адхіліць ўсё, што было да гэтага часу, і заняцца вынаходніцтвам з нуля”, - заўважыў
кіраўнік папскага музычнага калектыву. На яго ж думку, беручы пад увагу эклезіялагічныя
і тэалагічныя прычыны, трэба разумець, што любая рэформа павінна быць адкрыта да таго,
што было асягнута раней. Таму, выкананне шэдэўра Моцарта падчас папскай святочнай
літургіі згодна з глыбокімі намерамі ІІ Ватыканскага Сабору. “Тут гаворка ідзе пра
змяшчэнне вялікага твору духоўнай музыкі ў рамках абноўленай літургіі, і такім чынам,
каб гэта было адпаведна з літургічнага пункту гледжання”, - сказаў кс. Паламбэла.
“Вялікая
імша” Моцарта адрозніваецца дзіўнай гарманічнасцю, прыгажосцю і чуллівасцю. Яна прагучала
ўпершыню 25 жніўня 1783 г. у зальцбургскім саборы св. Пятра.У ёй адчуваецца ўплыў
Баха і Гендэля, чые творы Моцарт паглыблена вывучаў у тыя гады, а таксама мелодыка
італьянскай оперы – жанру, якім кампазітар валодаў у дасканаласці. Незвычайнай у “Вялікай
імшы” з’яўляецца трактоўка сольных галасоў: на ўсім працягу твора гучаць толькі сапрана,
мецца-сапрана і тэнар.