2014-12-27 11:54:42

Беларускія вернікі на сустрэчы Тэзэ: адчуць сябе часткай хрысціянскай сям’і


RealAudioMP3 Цягнікамі, самалётамі, на аўтамабілях – розным транспартам з розных куткоў Еўропы ў гэтыя дні маладыя вернікі сцягваюцца ў сталіцу Чэхіі. Прага ў гэтым годзе прымае чарговую, ужо 38-ую па ліку, экуменічную сустрэчу моладзі ў духу супольнасці з Тэзэ. 27 снежня 2014 г., на форум выехалі некалькі соцень чалавек і з Беларусі, каб дакрануцца да супольнай радасці святкавання Божага Нараджэння і сустрэчы Новага 2015 года. У кожнага з пілігрымаў, вядома, свае прычыны такога падарожжа, свае мэты, але і адзіная на ўсіх інтэнцыя, адзначыў айцец Сяргей Трысцень, арганізатар пілігрымкі з Мінска-Магілёўскай архідыяцэзіі. “Для кожнага з нас гэта вялікая падзея. У першую чаргу, гэта пілігрымка як малітва. Але таксама пілігрымка спакою, асабліва ў гэты час, калі свет перапоўнены неспакоем, ёсць войны. Мы прагнем прасіць аб супакоі ва ўсім свеце – гэта першая і галоўная інтэнцыя наша ў гэтым падарожжы”, - сказаў кармеліт.

Сустрэчу арганізуе экуменічная супольнасць Тэзэ. Гэты рух у 1940 г. заснаваў брат Ражэ, а напрыканцы 1970-х ён жа стаў ініцыятарам “Пілігрымкі даверу на зямлі” – так называюцца праходзячыя з тых часоў Еўрапейскія сустрэчы моладзі. Штогод на іх збіраецца да 50 тыс. чалавек – гэта пілігрымы розных веравызнанняў: католікі, праваслаўныя, пратэстанты, якія жадаюць некалькі дзён правесці на супольнай малітве, паразважаць над прапанаванымі тэмамі або проста правесці час з аднадумцамі і аднагодкамі, у тым ліку з самімі братамі з Тэзэ, заўважыў айцец Сяргей Трысцень. “Для моладзі сустрэча – гэта магчымасць пазнаёміцца і мець зносіны не толькі паміж сабой у малітоўным асяроддзі, але і з моладзю з іншых краін у паўсядзённым жыцці”, - сказаў ён.

Жыццё гэта будзе насычаным, толькі лічбы аб гэтым кажуць: у гэтым годзе на экуменічным форуме будзе прадстаўлена 65 краін, 17 храмаў у гістарычным цэнтры Прагі адчыняць свае дзверы для ўдзельнікаў, каб правесці набажэнствы 30 і 31 снежня, для вячэрніх малітваў збудуюць палатку на 4,5 тыс. чалавек. У цэлым сустрэчы Тэзэ, хоць і маюць сваю праграму, з года ў год усё ж адна на другую не падобныя, лічыць айцец Сяргей Трысцень. “Сустрэча ў Празе, думаю, па фармаце не будзе адрознівацца ад іншых сустрэч, сістэма ўжо выпрацавана за доўгія гады, той план, які мы маем, яго будзем прытрымлівацца. Адзінае, што мы ведаем, што Чэхія – секулярная краіна, і нас арганізатары ўжо папярэдзілі, што не так многа сем’яў прымуць у свае дамы ўдзельнікаў, а таму будзе больш агульных месцаў для прыпынку і начлега. Таму мы бярэм з сабой спальнікі. Моладзь ведае, куды едзе і не шукае камфорту, ведае, што гэта пілігрымка, а кожная пілігрымка – гэта таксама пакута і нейкае вырачэнне”, - заўважыў святар.

Нягледзячы на гэта, атмасфера, упэўнены айцец Сяргей, незабыўная – добры настрой і духоўны пад’ём удзельнікі прывязуць дадому, у свае парафіі, да сваіх блізкіх. “Атмасфера Тэзэ – гэта атмасфера малітвы, любові, сяброўства і адзінай сям’і, якая называецца хрысцінства”, - адзначыў ён.

А захаваць гэта пачуццё напрацягу года дапаможа ўспамін пра калядна-навагодні пах. Яшчэ адна лічба – 100 тыс. мандарынаў разам з іншымі прадуктамі даставяць у Прагу для ўдзельнікаў форума.

Ларыса Абрамчук, Мінск.







All the contents on this site are copyrighted ©.