2015-01-03 11:15:33

Святы Айцец сустрэнецца з былымі вязнямі канцэнтрацыйнага лагера “Аўшвіц”


RealAudioMP3 З нагоды 70-й гадавіны вызвалення канцэнтрацыйнага лагера “Аўшвіц” яго былыя польскія зняволеныя 7 студзеня 2015 г. будуць прыняты на аўдыенцыі ў Ватыкане папам Францішкам. Іх будуць суправаджаць таксама былыя вязні нацысцкіх катавальняў з Францыі, Германіі і Чэхіі. Яны ўручаць Пантыфіку статуэтку “Дар памяці” Міжнароднага асвенцымскага камітэту. У аўдыенцыі прымуць удзел таксама прадстаўнікі Міжнароднага дома сустрэч моладзі ў Асвенцыме і навучэнцы пры канцэрне “Volkswagen”, якія ў студзені 2014 г. на працягу двух тыдняў працавалі ў Дзяржаўным музеі Аўшвіц-Біркенаў. Яны таксама з’яўляюцца аўтарамі статуэткі, зробленай у выглядзе лацінскай літары “B” з надпісу на аўшвіцкіх варотах “ARBEIT MACHT FREI”. Зняволеныя ў знак пратэсту спецыяльна прыпаялі яе адваротным бокам. Статуэтка “Дар памяці” прысуджаецца асобам, асаблівым чынам звязаным з абаронай правоў чалавека і барацьбой супраць антысемітызму і ксенафобіі.

Канцэнтрацыйны лагер “Аўшвіц” стаў для ўсіх сімвалам тэрору, генацыду і Халакоста. Ён быў створаны немцамі ў 1940 г. на ўскраіне Асвенцыма, уключанага ў склад Трэцяга рэйху. Першапачаткова ён павінен быў быць чарговым канцэнтрацыйным лагерам, якія ствараліся нацыстамі ад пачатку 1930-х гадоў. Аднак з 1942 г. ён стаў адным з цэнтраў “канчатковага рашэння яўрэйскага пытання” – нацысцкага плану забойства яўрэяў на акупаваных тэрыторыях Рэйху. Менш чым за пяць гадоў існавання “Аўшвіца” тут загінула ад 1 да 1,5 млн чалавек, большасць з якіх яўрэі, палякі і цыгане. Акрамя таго, у лагеры было забіта і замучана каля 15 тыс. савецкіх ваеннапалонных і 10-15 тыс. вязняў іншых нацыянальнасцяў – чэхаў, беларусаў, югаславаў, французаў, немцаў і аўстрыйцаў.

Лагер быў вызвалены 27 студзеня 1945 г. Чырвонай Арміяй.







All the contents on this site are copyrighted ©.