2015-01-05 12:50:31

Беларусь: католікаў і праваслаўных у Юравічах яднае Маці Божая


RealAudioMP3 Ва ўсходнім краі Пінскай дыяцэзіі – на гомельскім Палессі, дзе католікаў вельмі мала – ёсць знакавае і святое месца – Юравічы. Вёска знакамітая цудатворным абразам Маці Божай Юравіцкай, якая знаходзілася ў адзіным на Гомельшчыне езуіцкім калегіуме і базыліцы Нараджэння Маці Божай. Юравіцкі комплекс, помнік архітэктуры позняга барока, першапачаткова належаў каталіцкаму Ордэну езуітаў. Аднак пасля паўстання 1863-1864 гадоў касцёл быў зачынены і перададзены праваслаўным на падставе загаду генерал-губернатара Мураўёва. Комплекс стаў праваслаўным жаночым манастыром, але з прыходам савецкай улады яго зачынілі, а будынак аддалі пад дзіцячы дом. У 1993 годзе дзяржава перадала паўразбураны Юравіцкі храмавы комплекс Тураўскай епархіі Беларускай Праваслаўнай Царквы. Рэстаўрацыя будынка доўжыцца да гэтага часу.

Цудатворны абраз яшчэ ў XIX ст. быў таемна вывезены ў Кракаў і знаходзіцца там да гэтага часу ў айцоў-езуітаў. Аднак у Юравічах засталася старадаўняя копія абраза. Маці Божая Юравіцкая цяпер шануецца як католікамі, так і праваслаўнымі, і абедзве канфесіі разам ладзяць Хросны ход з Мазыра ў Юравічы. “Таму нельга сказаць, што Юравічы – забыты католікамі куток. Мазырскі дэканат штогод разам з праваслаўнымі ладзіць супольныя пілігрымкі да Маці Божай Юравіцкай. Да гэтага абраза мы прыходзім і молімся разам з усімі”, - сказаў у інтэрв’ю Беларускай рэдакцыі Ватыканскага радыё пробашч парафіі Найсвяцейшай Тройцы ў Калінкавічах кс. Віктар Сініцкі.

Ідучы разам, хрысціяне розных канфесій знаходзяць агульныя тэмы для разважанняў пра Бога. Кс. Віктар адзначыў, што ёсць перспектыва вяртання ў Юравічы арыгінала цудатворнага абраза – для гэтага трэба дамовіцца з уладамі, асабліва з уладамі езуітаў. Аднак жа вяртанне старажытнага комплексу католікам – справа ўжо немагчымая, лічыць святар. Рэстаўрацыя былой каталіцкай святыні вядзецца ўжо доўгія гады, у гэтым Праваслаўнай Царкве дапамагае дзяржава і ЮНЭСКА: “Рамонт прасоўваецца, гэта вельмі добра відаць кожны раз, як прыязджаем сюды, ідзем у аілігрымку, бачна, што штосьці робіцца”, - дадаў каталіцкі пробашч.

А нядаўна ў Юравічы здзейснілі сваю зімовую вандроўку і гомельскія каталіцкія скаўты. Іх сапраўды па-братэрску прынялі праваслаўныя манахі Свята-Раства-Багароднічнага мужчынскага манастыра, які цяпер знаходзіцца ў будынку былога калегіума езуітаў, прызнаўся дружыновы гомельскіх скаўтаў Станіслаў Чаропка. “Наведванне Юравічаў для нас з’яўляецца з аднаго боку пазнаннем сваёй гісторыі, традыцыі, а з іншага боку – гэта ўзбагачэнне нашага духоўнага свету. Вандроўка была вельмі карыснай, бо датыкнуўшыся да нашай святыні, паглядзеўшы на абраз Маці Божай Юравіцкай, душа ажывае, падтрымліваецца агонь веры”, - сказаў лідэр скаўтаў.

Можна з упэненасцю сказаць, што Маці Божая Юравіцкая аб’яднала праваслаўных і католікаў.

Павел Міцкевіч, Пінская дыяцэзія.







All the contents on this site are copyrighted ©.