“Азіяцкі” візіт Папы: усе прамовы па-ангельску, свабодная дыскусія з біскупамі, тэлеграма
кіраўніцтву Беларусі
Падчас “азіяцкага”
падарожжа папу Францішка будзе суправаджаць 85 журналістаў. Пантыфік накіруецца 12
студзеня 2015 г. з 8-дзённым візітам на Шры-Ланку і Філіпіны. Арганізатар папскіх
падарожжаў Альберта Гасбары назваў тры галоўных матывы выбару гэтых краін у якасці
мэты пілігрымкі Святога Айца: вельмі шырокая прысутнасць місіянераў, цяжкая спадчына
канфліктаў і жаданне працягваць міжрэлігійны дыялог. Візіт на Філіпіны першапачаткова
планаваўся на 2016 год, прызнаўся Гасбары, але быў паскораны па прычыне цяжкіх наступстваў
ад тайфуна 2013 года і 10-годдзя магутнага цунамі. Пантыфік пажадаў як мага хутчэй
асабіста падтрымаць філіпінскі народ, і таму 17 студзеня цалкам будзе прысвечаны ахвярам
стыхійных бедстваў. Францішак наведае пацярпелыя тэрыторыі і адкрые цэнтр дапамогі
ахвярам, фінансаванне якога адбывалася са сродкаў Святога Пасаду.
Цікава, што
ў Шры-Ланцы падчас спаткання з мясцовым епіскапатам не прадугледжана прамовы Святога
Айца, біскупы пажадалі свабоднай размовы і дыскусіі з Францішкам. Адметным стане таксама
і тое, што ўсе прамовы Папы падчас “азіяцкага” візіту прагучаць па-ангельску.
Падчас
зваротнага шляху ў Рым самалёт з Пантыфікам на борце будзе пралятаць праз тэрыторыю
Беларусі, таму плануецца, што Францішак накіруе прывітальную тэлеграму кіраўніцтву
краіны.