Святы Айцец: мы можам знайсці Езуса ў пакутах іншых
Біблійныя мудрацы
з усходу прадстаўляюць людзей, “шукаючых Бога ў рэлігіях і філасофіях усяго свету”.
Яны паказваюць шлях для жыцця сучасных людзей: адказаць на пакліканне Святога Духа
і шукаць святло, ідучы за святлом, каб асабіста сустрэцца з сапраўдным Богам, падкрэсліў
папа Францішак падчас Эўхарыстыі 6 студзеня 2015 г., ва ўрачыстасць Аб’яўлення Пана.
Францішак нагадаў, што шлях мудрацоў быў нялёгкім і напоўненым выпрабаваннямі. У палацы
Ірада яны згубілі са зроку зорку і сустрэліся з першай спакусай: хітрасцю Ірада, які
шукаў смерці Нованароджанага. “Ірад быў чалавекам улады, які ў іншым бачыў толькі
суперніка. На самой справе, ён лічыў сваім супернікам таксама і Бога, больш за тое
– самым небяспечным супернікам”, - сказаў Папа. Тут, паводле яго, мудрацы перажылі
момант цемры, спусташэння, які здолелі пераадолець дзякуючы парадам Святога Духа,
які прамаўляў праз прароцтвы Святога Пісання.
Калі мудрацы адшукалі Збаўцу,
сутыкнуліся з іншай спакусай: непрыняццем Яго маласці. Тым не менш, “упаўшы, пакланіліся
Яму”, ахвяруючы каштоўныя і сімвалічныя дары. Пад кіраўніцтвам Святога Духа яны дайшлі
да разумення, што крытэрыі Бога вельмі адрозніваюцца ад чалавечых, што Бог не аб’яўляецца
ў моцы гэтага свету, але звяртаецца да нас ў пакоры сваёй любові. “Мудрацы з’яўляюцца
прыкладам навяртання да сапраўднай веры, таму што больш паверылі ў Божую дабрыню,
чым ў ілюзорнае ззянне ўлады”, - адзначыў Пантыфік.
Гаворачы пра актуальную
сітуацыю ў свеце, Святы Айцец нагадаў пра войны, эксплуатацыю дзяцей, катаванні, гандаль
зброяй і людзьмі. “Ва ўсіх гэтых з’явах, ва ўсіх самых малых братах і сёстрах, якія
пакутуюць ад гэтых сітуацый, прысутнічае Езус”, сказаў Францішак. Ён падкрэсліў, што
сапраўдная хвала Божая схавана ў бэтлеемскіх яслях, крыжы Галготы, пакутах братоў
і сясцёр, і менавіта ў гэтую таямніцу здолелі ўвайсці тры мудрацы, якіх сёння ўспамінае
Касцёл.