2015-01-23 11:00:32

Папскі кансультант пра рэформу Касцёла, праблемы сям’і і Рэфармацыю


RealAudioMP3 Вялікім выклікам нашага стагоддзя з’яўляецца пазіцыя Касцёла ў глабалізаваным свеце і распрацоўка новага балансу паміж цэнтрам і мясцовымі Касцёламі, лічыць кардынал Рэйнхард Маркс. У інтэрв’ю штотыднёвіку “America” ён заявіў, што цэнтралізацыя Касцёла паказвае на яго слабасць, і падкрэсліў, што кардыналы не хочуць ствараць новы Касцёл, але даць яму свежае паветра, падштурхнуць наперад. Член Рады кардыналаў па дапамозе Святому Айцу ў кіраванні Касцёлам і рэформе Рымскай курыі ў якасці аднаго з асноўных элементаў рэформы назваў “дэклерыкалізацыю” Рымскай курыі і кіраўнічых органаў дыяцэзій і, у прыватнасці, прыцягненне на касцёльныя пасады жанчын. На яго думку, прыклад павінен выйсці зверху, ад Папы і біскупаў. З гэтай нагоды ён выказаў шкадаванне, што ў створанай нядаўна ватыканскай Радзе па эканамічных пытаннях, каардынатарам якой з’яўляецца, няма ні адной жанчыны.

У інтэрв’ю для амерыканскага часопіса старшыня нямецкага епіскапата шырока выказаўся аб Сінодзе Біскупаў на тэму сям’і, нагадваючы пастулаты Касцёла ў Германіі на тэму св. Камуніі для разведзеных і большай увагі да гомасексуальных саюзаў. Для кардынала Маркса каталіцкая тэалогія адносна сужэнства не да канца ясная: трэба прыстасаваць дактрыну да Евангелля і тэалогіі. Гаворачы пра гомасексуальныя адносіны, нямецкі кардынал адзначыў, што адпраўным пунктам для сексуальнай этыкі не павінна быць “спанне разам”, але каханне, вернасць і імкненне да трывалых адносін. Ён не патлумачыў, аднак, якім чынам гэта адносіцца канкрэтна да гомасексуальных пар. Іерарх проста сцвердзіў, што Касцёл ставіць гомасексуальныя адносіны на іншым узроўні, чым гетэрасексуальныя.

Кардынал Маркс падзяліўся думкамі аб юбілеі 500-годдзя Рэфармацыі. Ён падкрэсліў, што Каталіцкі Касцёл не можа святкаваць гэту падзею, таму што разбурэнне адзінства Касцёла ніколі не можа быць нечым добрым. З іншага боку, станоўчым фактам з’яўляецца тое, што пратэстанты не хочуць святкаваць гэты юбілей без католікаў. На думку нямецкага іерарха, гэта падзея можа стаць магчымасцю для аздараўлення ўзаемнай памяці і каталіцка-пратэстанцкіх адносін.







All the contents on this site are copyrighted ©.