2015-01-25 12:41:55

Беларусь: разам сведчыць аб Хрысце


RealAudioMP3 25 студзеня 2015 г. у Каталіцкім Касцёле завяршаецца сусветны Тыдзень малітвы аб еднасці хрысціян. Напярэдадні, з нагоды гэтай падзеі, экуменічная сустрэча прайшла і ў мінскім архікатэдральным Касцёле Найсвяцейшай Імя Марыі. На яе сабраліся прадстаўнікі розных хрысціянскіх канфесій: католікі, праваслаўныя, пратэстанты. Кожны з удзельнікаў вынес невялікі кубак з вадой і ўліў у адзіную бочку, і кожны ў прамове ўспамінаў евангельскія словы, з якімі Збаўца, на шляху ў Галілею, звярнуўся да самаранкі, - “Дай мне піць”, і якія сталі дэвізам сёлетняга Тыдня малітвы. Арцыбіскуп Тадэвуш Кандрусевіч, Мітрапаліт Мінска-Магілёўскі нагадаў, што тэму ініцыятывы ў гэтым годзе абрала Бразілія. І ў гэтых, на першы погляд, простых словах крыецца вялікі сэнс: юдэі і самаране не мелі зносін, але гэта не перашкодзіла Хрысту звярнуцца з просьбай да самаранскай жанчыны. “Ёсць два сімвалы гэтага Тыдня малітваў аб еднасці хрысціян: дарога і вада. Дарога нас аб’ядноўвае: мы ідзём адным шляхам, знаходзімся ў аднолькавых абставінах, не залежна ад таго, да якой канфесіі прыналежым, ці нават рэлігіі, ці нават з’яўляемся няверуючымі. Вада нас таксама аб’ядноўвае: гэта жыццё, а таксама 78% цела складаецца з вады. Але вада нас аб’ядноўвае і таму, што мы прынялі хрост. Не важна, хто ты – католік, праваслаўны, пратэстант, вышэй за ўсё тое, што мы хрысціяне”, - адзначыў іерарх.

Такія сустрэчы ў Беларусі даўно ўжо сталі традыцыяй. Увогуле ж сусветны Тыдзень малітвы аб еднасці хрысціян праводзіцца ўжо 48 раз, з 1968 года, калі гэта справа была ініцыявана Папскай радай спрыяння хрысціянскаму адзінству і Суветнай Радай Цэркваў. Але з цягам часу заклік да адзінства не траціць сваёй актуальнасці, а наадварот, толькі вастрэй і грамчэй гучыць, лічыць епіскап Царквы евангельскіх хрысціян-баптыстаў Аляксандр Лотараў. “Мы жывём у свеце, у якім вельмі шмат войнаў, канфліктаў, а таксама падзелаў, як у дзяржавах, так і ў сем’ях. Таму актуальнасць гэтай малітвы і нашай сустрэчы – відавочная. Зараз увесь свет мае гэту смагу любові, смагу адзінства. Адзінства – гэта актуальная тэма зараз, гэта самае каштоўнае”, - адзначыў удзельнік сустрэчы.

“У тэалагічным плане Цэрквы не будуць адзінымі, але ў нас ёсць адзіная мэта, дасягаць якой нам запаведваў Езус Хрыстус: ісці і несці Добрую вестку. І ў плане гэтай запаведзі мы павінны аб’яднаць свае намаганні. Навошта вынаходзіць порах кожнаму, лепей аб’яднаўшыся зрабіць адну справу добра, хутка і якасна”, - дадаў выканаўчы дырэктар Беларускага біблійнага таварыства Ігар Міхайлаў.

Маліцца адзін за аднаго, дэманстраваць адзіныя погляды ў адстойванні хрысціянскіх каштоўнасцяў, мець няўхільную пазіцыю ў барацьбе з выклікамі сучаснасці – кропак сутыкнення ў розных канфесій больш, чым таго, што можа нас раз’ядноўваць, падкрэсліў прадстаўнік Лютэранскай Царквы Уладзімір Татарнікаў. Больш за тое, хрысціянскія Цэрквы ў Беларусі даўно і на справе гэта даказваюць – супрацоўніцтвам у розных сферах. “Важны прыклад супрацоўніцтва – у сацыяльным служэнні. У Беларусі супрацоўнічаюць дабрачынная каталіцкая арганізацыя “Карытас”, сацыяльны аддзел Праваслаўнай Царквы і Дыяканічны лютэранскі цэнтр. Сацыяльная работа – гэта сумесныя дабрачынныя акцыі і праекты дзеля дапамогі дамам-інтэрнатам, інвалідам і іншым”, - нагадаў Уладзімір Татарнікаў.

Пасля асэнсавання евангельскай гісторыі пра Езуса і самаранку, бразільская экуменічная група, якая абрала сёлетнюю тэму, заклікала таксама паразважаць над некаторымі пытаннямі: які ёсць шлях да еднасці, а таксама да павагі адносна разнастайнасці, і якую ваду мы можам ахвяраваць нашым братам, будуючы адзінства?

Кіраўнік Аддзела адукацыі Мінскай епархіі Беларускай Праваслаўнай Царквы, пратаіерэй Аляксандр Шымбалёў упэўнены, малітва і імкненне кожнага з нас наблізіцца да Бога – вось тое, што дапаможа пераадолець рознагалоссі. “Чым больш людзі пазнаюць адзін аднаго, збіраюцца разам, тым больш разумеюць адзін аднаго. Тэракты і розныя акты агрэсіі здараюцца з-за падману, неразумення – людзі не ведаюць, што робяць. Таму вельмі важна пазнанне кожным чалавекам сваёй традыцыі і традыцыі тых, хто жыве побач, і імкненне да пазнання. І ізаляцыя да пазнання не вядзе”, - адзначыў праваслаўны святар.

Аб няпростай сітуацыі ў свеце, у прыватнасці аб братазабойчым канфлікце ва Украіне, нагадаў напрыканцы арцыбіскуп Тадэвуш Кандрусевіч. Жудасна разумець, што ў краіне, з якой пачаўся Хрост Русі, хрысціяне забіваюць адзін аднаго. Да малітвы за мір і еднасць заклікаў яшчэ раз іерарх. А таксама падзякаваў прысутнаму арцыбіскупу Клаудыё Гуджэроцці, Апостальскаму нунцыю ў Беларусі за намаганні ў падрыхтоўцы значнай падзеі – IV Праваслаўна-каталіцкага форума, які прайшоў у 2014 годзе ў Мінску і стаў відавочным доказам таго, што ў Беларусі прадстаўнікі розных хрысціянскіх канфесій гатовыя разам супрацьстаяць выклікам часу і сведчыць аб Хрысце.

Ларыса Абрамчук, Мінск.







All the contents on this site are copyrighted ©.