Жанчыны – гэта асноўныя
пераказчыкі веры, лічыць папа Францішак. Ён узначаліў 26 студзеня 2014 г. раніцай
св. Імшу ў сваёй ватыканскай рэзідэнцыі і пракаментаваў фрагмент Другога паслання
св. Паўла да Цімафея (2 Цім 1, 1–8), якому апостал нагадаў, што “некрывадушная вера”
яму была перададзена ад Святога Духа “за пасрэдніцвам маці і бабулі”. Пантыфік адзначыў,
што ў жыцці менавіта маці і бабулі часта перадаюць веру. У той жа час, ён заўважыў,
што адна рэч – пераказваць веру, другая – навучыць веры. Вера – гэта дар. Ёй не можна
навучыцца. Вывучаюцца пытанні веры, каб зразумець яе лепш, але праз навучанне не прыходзіцца
да веры. Вера – дар Святога Духа, не абмежаваны любога роду падрыхтоўкай. Гэты дар
перадаецца часта ад маці і бабуль, або іншых жанчын у сям’і. Паводле Францішка, так
адбываецца, паколькі Езуса нам дала жанчына, Яго Маці, Марыя.
Пантыфік нагадаў,
што св. Павел заклікае ахоўваць дар веры, пазбягаючы мірской балбатні і язычніцкага
пляткарства. У гэтым кантэксце, ён адзначыў, што кожны з нас атрымаў дар веры і павінен
клапаціцца аб яго захаванні кожны дзень.
Святы Айцец заўважыў, што супрацьлегласцю
дару веры з’яўляюцца страх і сорам. “Таму што Бог не даў нам Духа боязі”, - навучае
апостал. Дух страху супярэчыць дару веры, не дазваляе расці ў веры. У сваю чаргу,
саромецца веры, гэта грэх: “Так, я веру, але не прызнаюся ў гэтым, каб не было бачна
зашмат, я жыву крыху верай і крыху без яе, бо мне сорамна жыць ёй вызначана”. “Вера
– гэта дух сілы, любові і разумення. Вось гэта – вера”, - сказаў Святы Айцец.
Францішак
патлумачыў, што разважнасць, аб якой кажа св. Павел, азначае, што мы ведаем пра сваю
абмежаванасць: мы не можам рабіць усё, чаго жадаем у пошуку шляхоў развіцця веры.
“Будзем прасіць Пана аб ласцы некрывадушнай веры, якая не ідзе на кампрамісы ў залежнасці
ад таго, што з’яўляецца ў жыцці. Веры, якую штодзённа імкнуся ажывіць ці, па меншай
меры, прасіць Святога Духа, каб ажывіў яе, і такім чынам прынесці багаты плён”, -
заклікаў Папа.