2015-01-27 13:15:26

Беларусь: Касцёл не прыняў старажытнага кляштару з-за адсутнасці сродкаў


RealAudioMP3 Будынак былога мужчынскага кляштару цыстэрсаў у Мазыры пустуе ўжо каля пяці гадоў. Манахі з’явіліся тут яшчэ ў пачатку XVIII стагоддзя, але праз 150 гадоў, у 1864 годзе – пасля народнага паўстання – расійскія ўлады зачынілі кляштар, храм пераабсталявалі пад праваслаўны, потым тут размясцілі запалкавую фабрыку. А ў апошнія гады ў старадаўнім будынку працавала мэблевая фабрыка. Аднак пяць гадоў таму яна збанкрутавала. Напрыканцы мінулага года мазырскія ўлады прапанавалі Касцёлу прыняць будынак.

І вось, днямі, Біскуп Пінскі Антоні Дзям’янка прыняў рашэнне, узважыўшы ўсе “за” і “супраць” па гэтай важнай, але складанай справе. Адказ, на жаль, давялося даць адмоўны. Біскуп падзякаваў уладам і патлумачыў , што па выніках пасяджэння святарскай рады, якая складаецца з духавенства ўсіх рэгіёнаў Пінскай дыяцэзіі, было вырашана, што дыяцэзія не гатова станоўча разгледзець гэтую прапанову. Канцлер дыяцэзіі, кс. Андрэй Рылка, у інтэрвью Беларускай рэдакцыі Ватыканскага радыё паслумачыў такое рашэнне. “На дадзены момант Пінская дыяцэзія не гатовая ўзяць на сябе абавязак па выратаванні будынка, які вельмі моцна быў перабудаваны. Вядома, нам вельмі хацелася б, каб ва ўсходняй частцы дыязэзіі быў адроджаны велічны комплекс манастыра і касцёла. Таму біскуп Антоні звярнуўся да ўладаў з прапановай адкласці гэтае пытанне, калі няма фінансаў з боку ўладаў і таксама Касцёл не мае такіх вялікіх сродкаў, каб на сённяшні дзень узяць на сябе абавязак рэстаўрацыі. Але спадзяемся, што да гэтага пытання мы яшчэ зможам вярнуцца”, - сказаў святар.

Як таксама тлумачыць у пісьмовым адказе райвыканкаму біскуп Антоні, паводле ацэнак спецыялістаў, на знясенне тэхнічных забудоваў былой мэблевай фабрыкі і гаспадарчых перабудоваў, здзейсненых у будынках былога касцёла і кляштара, а таксама вяртанне комплексу адпаведнага гісторыка-культурнага і сакральнага выгляду неабходна каля 1 млн. долараў. З улікам таго, што Пінская дыяцэзія не займаецца гаспадарчай дзейнасцю, а ўтрымліваецца выключна з ахвяраванняў вернікаў, яна не зможа ў цяперашні час у кароткі тэрмін правесці адпаведныя рамонтна-рэстаўрацыйныя працы пры адсутнасці канкрэтнай планавай фінансавай падтрымкі з боку дзяржавы. Кажучы проста, дыяцэзія не ў стане ўзяць на сябе абавязацельствы па выкананні ўсіх неабходных прац за ўласны кошт і ў кароткія тэрміны паводле сучасных патрабаванняў дзяржавы. Хоць біскуп адзначае, што пры ўмове атрымання гарантыі адпаведнай і канкрэтнай планавай фінансавай падтрымкі з боку дзяржавы ў адбудове і рэстаўрацыі былога комплекса кляштара дыяцэзія гатова вярнуцца да разгляду пытання аб пераняцці гэтых будынкаў. Яны маглі б і павінны служыць згодна з мэтай іх узвядзення ў XVIII стагоддзі.

Варта адзначыць, што ў Мазыры дагэтуль пустуе даўно адноўлены старажытны будынак жаночага цыстэрцыянскага кляштара, які знаходзіцца ля касцёла св. Міхаіла Арханёла. Жадаючых тут жыць і служыць пакуль так і не знайшлося. І ўвогуле парафія ў Мазыры нешматлікая: цяпер ёй патрэбны не будынкі, а людзі, заўважыў кс. Андрэй Рылка: “Спонсары, як правіла, заўсёды больш ахвотна фінансуюць справы, звязаныя з вернікамі - там, дзе рэальна ёсць патрэба для людзей. А гэты аб’ект усё ж разглядаецца больш з перспектывы сімвала культурнага значэння, таму знайсці інвестараў на гэту справу вельмі складана. У такіх выпадках спонсары нам паказваюць на дзяржаву - што яна павінна быць зацікаўлена ў тым, каб нас падтрымліваць у такіх справах”.

Па словах мазырскіх католікаў, у ордэне цыстэрсаў на дадзены момант ёсць толькі адзін беларус – Уладзімір Лапацкі, які цяпер заканчае семінарыю ў Польшчы. Мясцовыя вернікі ўжо звязваліся з ім з ідэяй, каб ён прыехаў у Мазыр і таксама заняўся аднаўленнем кляштара. У той жа час краязнаўцы і гісторыкі падчас археалагічных раскопак у будынку спадзяюцца выявіць там каштоўныя для беларускай культуры знаходкі.

Што тычыцца іншых старажытных каталіцкіх святынь Гомельшчыны, то можна, нарэшце, узрадавацца за Рагачоў, дзе 100-гадовы касцёл шмат гадоў чакае на рэстаўрацыю. Нядаўна з Міністэрства архітэктуры прыйшоў дазвол на аднаўленне святыні паводле праекту, і, пасля доўгіх гадоў прастою, у гэтым годзе, нарэшце, пачнуцца рэстаўрацыйныя працы па рэстаўрацыі. Праўда, фінансаваць іх будуць толькі на ахвяраванні вернікаў, з боку дзяржавы канкрэтных абяцанняў па грашовай дапамозе ў аднаўленні помніка архітэктуры таксама няма.

Што тычыцца старажытнага былога езуіцкага калегіума ў Юравічах, які таксама ў свой час Касцёл не змог прыняць ад дзяржавы па прычыне адсутнасці сродкаў і парафіі ў тых мясцінах, і які быў перададзены Праваслаўнай царкве, то яго аднаўленне вядзецца пры фінансавай падтрымцы дзяржавы.

Павел Міцкевіч, Пінская дыяцэзія.







All the contents on this site are copyrighted ©.