У Нядзелю Божай Міласэрнасці
12 красавіка 2015 г. Святы Айцец Францішак будзе цэлебраваць св. Імшу для вернікаў
армянскага абраду. Аб гэтым гаворыцца ў апублікаваным 27 студзеня 2015 г. афіцыйным
календары літургічных цэлебрацый Пантыфіка з лютага па красавік. 2 лютага ў базыліцы
св. Пятра ён узначаліць Эўхарыстыю з удзелам законнікаў і законніц Рыма. 8 лютага
Папа адправіцца з пастырскім візітам ў рымскую парафію св. Міхала Арханёла. 14 лютага
ў ватыканскай базыліцы Францішак узначаліць публічны кансісторый па ўзвядзенні новых
кардыналаў і некаторых кананізацыйных справах, а на наступны дзень там жа адправіць
св. Імшу з новымі пурпуратамі.
18 лютага, у Папяльцовую сераду, згодна з традыцыяй
Папа накіруецца на Авентын, дзе ўзначаліць працэсію з базылікі св. Анзэльма да базылікі
св. Сабіны і св. Імшу, што распачне перыяд Вялікага посту. З 22 па 27 лютага Пантыфік
прыме ўдзел у велікапостных рэкалекцыях, якія пройдуць у Арычы. У гэты перыяд не будуць
праводзіцца папскія аўдыенцыі, у тым ліку агульная аўдыенцыя, якая звычайна адбываецца
ў сераду.
8 сакавіка Францішак наведае рымскую парафію Найсвяцейшай Маці Збаўцы.
На 13 сакавіка запланавана пакутная літургія з удзелам Папы ў базыліцы св.
Пятра, а на 21 сакавіка яго візіт у Неапаль і Пампеі.
29 сакавіка Пантыфік
узначаліць урачыстыя набажэнствы Пальмовай нядзелі.
У Вялікі чацвер, 2 красавіка,
Папа ўзначаліць св. Імшу Хрызму ў базыліцы св. Пятра, а ў Вялікую пятніцу, 3 красавіка,
літургію Мукі Пана ў ватыканскай базыліцы і Крыжовы шлях у рымскім Калізеі.
4
красавіка ў 20.30 у базыліцы св. Пятра распачнецца Пасхальная вігілія з удзелам Папы.
У Вялікдзень Пантыфік будзе цэлебраваць Эўхарыстыю на плошчы св. Пятра, пасля чаго
ўдзеліць благаслаўленне “Urbi et Orbi” (Гораду і Свету).