У Ватыкане абудзецца сусветная прэм’ера фільму пра Пія XII
2 сакавіка 2015 г.,
у дзень нараджэння і гадавіну абрання на Пасад св. Пятра Эўджэніа Пачэлі – папы Пія
XII – у Ватыкане адбудзецца сусветная прэм’ера мастацкага фільму “Цені праўды” (Shades
of Truth), які развенчвае “чорную легенду” аб “маўчанні” Пантыфіка перад абліччам
трагедыі Халакосту. Стужка была знята на падставе аналізу дакументаў і сведчанняў
яўрэяў, выратаваных, дзякуючы заступніцтву і ініцыятывам Святога Айца. “Ён быў ватыканскім
Шындлерам”, - адзначыла рэжысёр фільма Ліяна Марабіні, словы якой прыводзіць “L’Osservatore
Romano”. “Я даследвала і чытала ўсё што было магчыма. Я прааналізавала сотні гістарычных
крыніц, у Ватыкане і іншых месцах. Я сустракалася з асобамі, слухала і запісвала іх
сведчанні. Я зняла, як яны – усе яўрэі – апавядаюць пра Пія XII са слязамі на вачах”,
- распавяла Марабіні.
Рэжысёр стужкі падкрэсліла, што, вывучаючы дакументы,
даведалася, як Пантыфік заахвочваў біскупаў аказваць яўрэям усебаковую дапамогу, ратаваць
іх ад небяспекаў, у тым ліку даючы прытулак ў касцёльных дамах і структурах, нават
за ватыканскім мурамі і ў сваёй летняй рэзідэнцыі ў Кастэль-Гандольфа. Вынікам гэтай
дзейнасці стала выратаванне амаль 800 тыс. чалавек.
Пасля ватыканскай прэм’еры,
фільм “Цені праўды” будзе паказаны ў кінатэатрах Італіі, Францыі, Бельгіі, Германіі,
ЗША, Аргентыны, Бразіліі, Аўстраліі, Іспаніі і Партугаліі. У сакавіку 2015 г. пройдзе
яго паказ на Канскім кінафестывалі, а ў маі – у амерыканскай Філадэльфіі, з нагоды
Сусветнай сустрэчы сем’яў. У адной з роляў у стужцы зняўся знакаміты амерыканскі акцёр
Крыстафер Ламберт.