2015-01-31 13:06:35

Францішак пра любоў да “маці-зямлі” і пашану да хлеба


RealAudioMP3 31 студзеня 2015 г. папа Францішак прыняў на аўдыенцыі дэлегацыю італьянскай асацыяцыі вытворцаў сельска-гаспадарчай прадукцыі “Coldiretti” – аднаго з буйнейшых у Еўропе фермерскіх аб’яднанняў, якое налічвае каля 1,5 млн. членаў. Падобныя сустрэчы адбываюцца не ў першы раз, але сёлетняя праходзіла пад знакам святкавання 60-годдзя арганізацыі. Звяртаючыся да сваіх гасцей, Пантыфік адзначыў вялікае значэнне сельскай гаспадаркі, без плёнаў якой, на яго думку, немагчыма ўявіць жыццё чалавецтва. Паводле слоў Папы, дзейнасць працаўнікоў сельска-гаспадарчага сектару – гэта сапраўднае пакліканне. Яна павінна быць прызнанай і належна ацэненай, у тым ліку праз канкрэтныя палітычныя і эканамічныя рашэнні. “Гаворка ідзе пра тое, каб зняць бар’еры, якія перашкаджаюць гэтай каштоўнай дзейнасці і якія часта прадстаўляюць яе мала прывабнай для новых пакаленняў, нават калі статыстыка адзначае павялічэнне колькасці студэнтаў у сельска-гаспадарчых школах і інстытутах, што дазваляе прадбачыць рост колькасці задзейнічаных у сельска-гаспадарчым сектары”, сказаў Папа. Ён крытычна паставіўся да адняцця зямлі ў фермераў на карысць іншых формаў дзейнасці, якія на перш погляд здаюцца больш прыбытковымі.

Пантыфік звярнуў увагу на некаторыя іншыя негатыўныя тэндэнцыі сучаснай эканомікі, звязаныя з сельскай гаспадаркай. “Абсалютызацыя рынкавых правілаў, культура адходаў і марнатраўства, якая ў выпадку з ежай мае непрымальныя прапорцыі, разам з іншымі фактарамі, абумоўліваюць беднасць і пакуты шматлікіх сем’яў”, сказаў Святы Айцец і заклікаў да глыбока пераасэнсавання сістэмы вытворчасці і размеркавання ежы. “Як вучылі нашы старыя – з хлебам не жартуюць! Я памятаю, у дзяцінстве, калі падаў хлеб, нас вучылі, што яго трэба падняць, пацалаваць і зноў пакласці на стол. Хлеб пэўным чынам удзельнічае ў сакральнасці чалавечага жыцця, і таму да яго нельга ставіцца толькі як да тавару”, нагадаў Францішак.

Святы Айцец падкрэсліў важнасць клопату пра прыроду. “Як працягваць вырабляць добрую для жыцця ўсіх ежу, калі кліматычная стабільнасць знаходзіцца пад пагрозай, калі паветра, вада і глеба часта губляюць сваю чысціню з прычыны забруджванняў?”, спытаў Папа і заклікаў міжнародную супольнасць да супрацоўніцтва на карысць абароны навакольнага асяродзя, у тым ліку дзеля будучых пакаленняў.

Пантыфік заклікаў фермераў любіць зямлю як маці, каб яна працягвала быць крыніцай жыцця для ўсёй чалавечай сям’і.








All the contents on this site are copyrighted ©.