Сёння я працягваю распавядаць пра Міхаіла Булгакава, класіка міравой літаратуры,
асабліва папулярнага ў савецкія часы. Самы вядомы твор Булгакава, і напэўна з гэтым
усе пагодзяцца, «Майстар і Маргарыта». Гэта таямнічы, фантастычны твор, які блытае
ды правакуе чытача. Яго часта называюць «містычным», а самога аўтара «містычным пісьменнікам»,
хоць з пункту гледжання хрысціянства, нічога супольнага з сапраўднай містыкай Булгакаў
не мае. Такой імідж пісьменнік набыў з-за таго, як мне здаецца, што ў «Майстры і Маргарыце»
з'яўляюцца персанажы з нематэрыяльнага свету, якія дзейнічаюць нерацыянальна, парушаючы
законы прыроды... Але ж гэта толькі мастацкая мова твору, яго знешняя абалонка, якая
разам з тонкай іроніяй паклікана прыхаваць галоўны мэсэдж аўтара. Які гэта мэсэдж?
Гэтае пытанне турбавала не аднаго чалавека, так што з'явіліся літаратурныя крытыкі,
якія прысвяцілі сябе вывучэнню спадчаны Булгакава – гэта т.зв. булгакаведы. Яны запрапанавалі
шматлікія тлумачэнні рамана, сярод іх ёсць тое тлумачэнне, якое як мне здаецца найбольш
блізкае першапачатковай задуме аўтара. Гэта інтэрпрэтацыя, пабудавана на тэзісе, што
«Майстар і Маргарыта» з'яўляецца адказам Булгакава на ваяўнічы атэізм свайго часу.
Многія даследчыкі выказвалі думку, што Булгакаў вырашыў напісаць свой раман пасля
наведвання рэдакцыі газеты «Бязбожнік». Акрамя гэтага ў грамадстве выклікала вялікі
рэзананс паэма Дзям'яна Беднага «Новый Завет без изъяна евангелиста Демьяна», якая
была апабуклікавана ў 1925 годзе. Гэты бязбожны твор шакаваў шматлікіх людзей, здольных
да здаровага крытычнага мыслення. Цікава, што з'явіўся таксама ананімны апанент Дзем'яна
Беднага, які піша апалагетычна-паэтычны адказ. Некаторыя даследчыкі прыпісваюць яго
Сяргею Есеніну. Гэты твор нідзе не друкаваўся, але тым не менш быў шырока вядомы ў
пэўных колах. Не магу ўстрымацца, каб не пазнаёміць вас, сябры, хоць і коратка з урыўкам
згаданага верша:
Я часто думаю, за что его казнили,
За что Он жертвовал своею головой,
За то ль, что, враг суббот, Он против всякой гнили
Отважно поднял голос Свой?
…
За то ль, что, разорвав на части лишь себя,
Он к горю каждого был милосерд и чуток
И всех благословлял, мучительно любя,
И маленьких детей, и грязных проституток?
...
Нет, ты, Демьян, Христа не оскорбил,
Ты не задел его своим пером нимало.
Разбойник был, Иуда был.
Тебя лишь только не хватало.
Ты сгустки крови у Креста
Копнул ноздрёй, как толстый боров.
Ты только хрюкнул на Христа,
Ефим Лакеевич Придворов.
Вось такая палеміка мела месца ў далёкім 1925 годзе, якую я схільны звязваць з узнікненнем
у 1928 годзе ў Булгакава ідэі напісання рамана, які пазней стане вядомы пад назвай
«Майстар і Маргарыта».
Вяртаемся да пытанне, якое мы сфармулявалі на пачатку: які мэсэдж «Майстра і Маргарыты»?
Дазвольце прапанаваць вам, шаноўныя сябры, ключ ад гэтага твору. Вось жа Булгакаў
карыстаецца вядомым у фармальнай логіцы метадам давядзенне да абсурду.
Ён нібы гаворыць: «Окей, давайце сцвердзім, што Бога няма, што ён не існуе! А цяпер,
глядзіце, што з гэтага атрымалася!». А атрымоўваецца абсурд. Добра гэта бачна асабліва
на прыкладзе другой сюжэтнай лініі твора — рамане Майстра пра Іешуа Га-Ноцрі. Зноў
Булгакаў нібы гаворыць нам: «Вось глядзіце, Майстар намагаецца з пазіцыі няверуючага
напісаць гістарычны раман пра Ісуса і што ў яго атрымоўваецца? Іешуа Га-ноцрі - «добранькі»
чалавек, прыдуркаваты і абсурдны філосаф гуманіст. Няўжо гэты вобраз меньш абсурдны
і больш верагодны, чым той вобраз Ісуса, які нам апісвае Евангелле? Няўжо прасцей
паверыць у тое, што існаваў Іешуа, чым у тое, што існаваў Ісус?».
Напрыканцы гэтай сціплай рэфлексіі, я хацеў бы толькі адзначыць, што Булгакаў працаваў
над раманам пачынаючы ад 1928 году, ад моманту калі ў яго з'явілася ідэя, аж да самой
сваёй смерці ў 1940-м (дванаццаць год). У нейкім сэнсе напэўна можна назваць гэты
раман аўтабіяграфічным, а нават своеасаблівай споведдзю аўтара. Гэты твор архіважны
для Булгакава: нават прыкаваны хваробаю да ложка, свядомы таго, што памірае ён працягвае
працу над раманам, надыктоўваючы праўкі сваёй жонцы.
У сваім апошнім рамане Булгакаў пераасэнсоўвае зноў і зноў сваё жыццё ды дае яму ацэнку.
Менавіта ў гэтыя апошнія свае дні ён просіць паклікаць сваю былую першую жонку Таццяну
Лаппу, каб папрасіць у яе прабачэнне. Але яе нажаль не было ў горадзе. А ён нажаль
не дачакаўся яе вяртання...
На гэтым, сябры, я развітваюся з вамі. Не чакайце ўсё жыццё, каб папрасіць прабачэнне
– кожны дзень для гэтага дастаткова добры... і добрага вам чытання.
All the contents on this site are copyrighted ©. |