2015-02-17 15:05:00

Крушэнне сужэнства


Самым балючым крыжам у жыцці сужонкаў з’яўляецца крушэнне іх сужэнства. Прычыны гэтай “паразы” амаль ніколі не бываюць аднолькавымі: гэта грэх эгаізму, нявернасці, нядбайнасці, ляноты ў любові, адсутнасці запалу ў прынясенні сябе ў дар і многія іншыя. У такой сітуацыі, тое што раней сужонкам здавалася важным і грунтоўным – сацыяльны статус, рэпутацыя, сумесна пабудаваная спадчына, супольнае жыццё – пачынаюць бачыцца  ілюзорнымі і нават нічога ня вартымі: каханне памірае і, хутчэй за ўсё, беспаваротна, канстатуюць яны. У адной са сваіх ранніх тэатральных пастановак, “Перад крамай ювеліра”, Караль Вайтыла выказаў падобнага кшталту разгубленасць вуснамі аднаго з галоўных персанажаў, Ганны: “Стэфан перастаў жыць у ва мне. Чаму наступіла гэта цішыня, ад якой ніхто не ведае леку? Мне здаецца за ўсё адказны Стэфан. Я не магу знайсці віны ў сабе. Наша жыццё перамянілася ў балючае суіснаванне двух асобаў, мы ўсё менш знаходзім месца адно для аднаго. У нас не засталося  нічога, акрамя спісу абавязкаў”.

Затым, калі Стэфан і Ганна здолелі выратаваць сваё сужэнства, таямнічы персанаж, Адам – якім хутчэй за ўсё з’яўляецца сам аўтар – робіць вывады з іх досведу: “Прычыну драмы трэба шукаць у мінулым. Проста была дапушчына адна памылка. Асобы дазваляюць прывабіць сябе любоўю, якую лічаць абсалютнай, але якая не надзелена абсалютным вымярэннем. Яны з’яўляюцца ахвярамі сваіх ілюзій, ахвярамі неадчування патрэбы ва ўгрунтаванні сваёй любові ў Любові, якая надзелена гэтым вымярэннем”.

Сужэнства можа разляцецца на кавалкі, вельмі хутка і ўсяго толькі па адной з прычынаў – напрыкад з-за псіхічнай траўмы, сур’ёзнага здарэння, глыбокай дэпрэсіі, няўдачы на працы, складанай фізічнай праблемы, самазабойства дзіцяці. Муж ці жонка могуць стаць “нявіннымі” ахвярамі здрады ці адыходу іншага.

У падобных выпадках узнікае пачуццё цалкам разбуранага жыцця, амаль пазбаўленага сэнсу. У такіх сітуацыях, людзі якія жывуць верай, часта імкнуццца звязаць крах уласнага сужэнства з яго першапачатковай несапраўднасцю: маўляў, калі наша сужэнства “развалілася” – гэта значыць, яно не было “сапраўдным” ад самага пачатку. Яны звяртаюцца да Касцёла з надзеяй на прызнанне гэтага факту і жаданнем заключыць новае сужэнства. І сапраўды, нярэдка сужэнствы аказваюцца “несапраўднымі”, па прычыне недахопу аднаго з неабходных фундаментальных элементаў (свабоднай згоды, гатоўнасці быць верным, адкрытасці на жыццё ці інш.)

У дадзеным кантэксце варта паразважаць таксама пра ўзровень падрыхтоўкі сужонкаў да шлюбу, пра іх сталасць і гатоўнасць да прыняцця найскладанейшай адказнасці, звязанай з сакрамэнтальным сужэнствам, што з’яўляецца адным з выклікаў першаснай важнасці для катэхетаў.

Але распадаюцца таксама і сужэнствы, якія ад самага пачатку былі “сапраўднымі”. Гэта накладае цяжкі крыж на плечы людзей, якія перажылі падобны досвед. Калі “чалавек не можа знайсці самога сябе інакш, як толькі праз шчыры дар самога сябе”, і калі сужэнства з’яўляецца самым распаўсюджаным спосабам здзяйснення гэтага дару, яго распад азначае перакрэсліванне таго, што вызначае чалавека самым фундаментальным чынам, і таму ўяўляе сабой самую глыбокую драму, якая можа здарыцца з мужчынам ці жанчынай. Канешне, у такім светле, становіцца зразумелым, чаму Касцёл усё часцей кажа пра недапушчальнасць асуджэння людзей, якія не вытрымалі гэтага цяжару і пагадзіліся на новы саюз, нават коштам немагчымасці прыступання да сакрамэнтаў.

Яны працягваюць заставацца аб’ектамі асабліва клопату Касцёла, пра што св. Ян Павел ІІ казаў у сваёй адгартацыі “Familiaris consotrio”: “Разам з Сінодам, горача заклікаю душпастыраў і ўсю супольнасць вернікаў, каб дапамагалі разведзеным, з клапатлівай любоўю турбаваліся пра тое, каб яны не адчувалі сябе аддзеленымі ад Касцёла, маючы магчымасць і нават абавязак – у сілу свайго хросту – удзельнічаць у яго жыцці” (84). Пантыфік казаў пра абавязак разведзеных слухаць Божае слова, наведваць св. Імшу, маліцца, чыніць справы міласэрнасці і дзейнічаць на карысць справядлівасці, выхоўваць дзяцей згодна з хрысціянскай верай, жыць ў духу пакаяння, штодзённа просячы Бога аб ласках. “Касцёл павінен маліцца за іх, падтрымліваць, станавіцца для іх міласэрнай Маці і так падтрымліваць у веры і надзеі”, - напісаў Папа.

У той жа час, як можна не захапляцца адвагай, а часам і сапраўдным гераізмам сужонкаў, якія, нягледзячы на няўдачу ў сужэнстве, працягваюць трываць у вернасці дадзеным падчас прыняцця сакрамэнту абяцанням, адказваючы на жыццёвыя цяжкасці ў адзіноце; або тых, якія не разводзяцца, а працягваюць жыць без кахання. У такім выпадку яны становяцца святлом “вялікай таямніцы”, пра якую апостал Павел казаў у пасланні да Эфесцаў (5,32) – жывым знакам той абсалютнай любові, якую Хрыстус-Жаніх працягвае выліваць на Касцёл-Нявесту, нават калі яна аддаляецца ад Яго любові.








All the contents on this site are copyrighted ©.