2015-02-23 11:49:00

Армянскі святар і паэт стане Доктарам Касцёла


Папа Францішак пацвердзіў станоўчае рашэнне пленарнай сесіі кардыналаў і біскупаў, членаў Кангрэгацыі па справах Кананізацыі, адносна надання тытула Доктара Паўсюднага Касцёла св. Грыгорыю з Нарэка, армянскаму святару і законніку, паэту і вучонаму. Пантыфік пазнаёміўся з дакументамі гэтай справы 21 лютага 2015 г. падчас сустрэчы з прэфектам Кангрэгацыі па справах Кананізацыі, кардыналам Анджэла Амата.

Св. Грыгорый жыў у перыяд паміж 950-1005 гг. Ён паходзіўся з сям’і князя Хасрова Андзэвацы, які пазней стаў епіскапам. З самага маленства выхоўваўся пры кляштары ў армянскім мястэчку Нарэк, якое сёння знаходзіцца на тэрыторыі Турцыі. Пазней стаў святаром і абатам. Св. Грыгорый вёў жыццё поўнае пакоры і любові, шмат працаваў і маліўся. Ён шануецца як вялікі тэолаг і адзін з самых важных паэтаў армянскай літаратуры. Шырокую вядомасць яму прынёс твор “Кніга пакутных песняў”, які адыграў важную ролю ў станаўленні армянскай літаратурнай мовы. 








All the contents on this site are copyrighted ©.