2015-02-25 11:47:00

Ватыканскі кардынал пра дактрыну і ідэалогію “гендэр”


Ідэя змясціць навучанне Касцёла ў прыгожай шкатулцы, аддзяляючы яго ад душпастырскай практыкі, якая магла б эвалюцыяніраваць у залежнасці ад абставін, моды і схільнасцяў – гэта форма ерасі і небяспечная шызафрэнічная паталогія, лічыць кардынал Рабер Сара. Такім чынам ён пракаментаваў ідэю ўсеагульнага дапушчэння да прыняцця св. Камуніі разведзеных, якія жывуць у новых несакрамэнтальных саюзах. Гэта меркаванне змешчана ў кнізе прэфекта Кангрэгацыі Божага Культу і Дысцыпліны Сакрамэнтаў пад назвай „Dieu ou rien” (Бог ці нічога), якая з’явілася на паліцах кнігарняў 25 лютага 2015 г. 

Каментуючы яе выхад, рэдакцыя часопіса “Famille Chrétienne” выказала меркаванне, што Касцёл у Афрыцы можа ініцыяваць апазіцыю Паўсюднага Касцёла супраць заходняга заняпаду. У кнізе прасочваецца асабістая гісторыя амаль 70-гадовага пурпурата гвінейскага паходжання ў спалучэнні з яго ўяўленнямі аб жыцці Касцёла. Кардынал Сара прызнаецца, што адзінае, чаго хацеў заўсёды – гэта малітва. Ён лічыць пурпурны колер свайго кардынальскага адзення адлюстраваннем крыві мучанікаў, якія прынеслі Евангелле ў яго родную вёску.

У кнізе кардынал выказвае свае адносіны да тэорыі “гендэр”. “У дачыненні да да майго кантынента я моцна пратэстую супраць жадання навязаць ілжывыя каштоўнасці, выкарыстоўваючы палітычныя і фінансавыя аргументы. У некаторых афрыканскіх краінах, у абмен на фінансавую падтрымку, былі створаны міністэрствы, якія займаюцца тэорыяй “гендэр”. Такая палітыка асабліва агідная, улічваючы тое, што большасць насельніцтва Афрыкі бездапаможнае адносна фанатычных заходніх ідэолагаў”, - напісаў кардынал Сара. “У сувязі з гэтым я сцвярджаю, што Касцёл у Афрыцы выступае рашуча супраць любога бунту адносна вучэння Езуса і дактрыны”, - дадаў ён.








All the contents on this site are copyrighted ©.