2015-02-25 09:54:00

Дзяржсакратарыят патлумачыў тэрмін “мексіканізацыя”


Ватыканскі Дзяржсакратарыят скіраваў ноту паслу Мексікі пры Святым Пасадзе, у якой патлумачыў і ўдакладніў тэрмін “мексіканізацыя”, які выкарыстаў папа Францішак у сваім электронным лісце да аргентынскага праваабаронцы Густава Вэра. “Пантыфік не меў намеру як пакрыўдзіць мексіканскі народ, які вельмі любіць, так і адмаўляць старанні мексіканскіх уладаў у барацьбе з незаконным абаротам наркотыкаў”, - гаворыцца ў звароце.

У спецыяльнай заяве Залы Друку Святога Пасаду, выдадзенай 25 лютага 2015 г., нагадваецца што выраз “мексіканізацыя” быў выкарыстаны Папам у е-мэйле, які меў “строга прыватны і нефармальны” характар і з’яўляўся адказам “аргентынскаму сябру”, вельмі адданаму барацьбе з наркотыкамі, які папярэдне сам выкарыстаў гэты тэрмін. 

У ноце гаворыцца, што відавочным з’яўляецца тое, Папа меў намер проста выявіць сур’ёзнасць з’явы гандлю наркотыкамі, што ўплывае на Мексіку і іншыя краіны Лацінскай Амерыкі. Таму барацьба з іх незаконным абаротам тут з’яўляецца адным з прыярытэтаў для ўладаў, бо гэта, на самой справе, барацьба з насіллем, за аднаўленне спакою ў мексіканскіх сем’ях, “шляхам уздзеяння на глыбінныя прычыны гэтай чумы”.

Падчас сваіх сустрэч з біскупамі, Святы Айцец не раз звяртаў увагу на гэты феномен і на неабходнасць “распрацоўкі палітыкі на ўсіх узроўнях праз супрацоўніцтва і кансультацыі” для барацьбы з ім.








All the contents on this site are copyrighted ©.