2015-02-25 15:29:00

“Caritas”: колькасць бедных у Еўропе не памяншаецца


Колькасць беспрацоўных і бедных у Еўропе не памяншаецца: такую выснову можна зрабіць з трэцяга дакладу еўрапейскага аддзялення “Caritas” пра наступствы эканамічнага крызісу ў краінах Еўропы. Дзяржаўная палітыка жорсткай эканоміі, якая праводзіцца Еўрасаюзам, адбілася на сацыяльным жыцці: больш за 122 млн. чалавек рызыкуюць быць выцесненымі з грамадства ў Італіі, Іспаніі, Партугаліі, Грэцыі, на Кіпры, у Румыніі і Ірландыі. Паўночная Еўропа толькі збольшага адчула на сабе наступствы крызісу, чаго нельга сказаць пра міжземнаморскія краіны. У Італіі беспрацоўе моладзі ва ўзросце ад 15 да 24 гадоў дасягнула 40 %. Рэкордная колькасць маладых італьянцаў – 26 % – не  працуе, не вучыцца і не ўдзельнічае ні ў якой дзейнасці. Гэта ў два разы больш, чым працэнт такіх асоб па ўсёй Еўропе. Акрамя таго, у дакладзе адзначаецца растучая нестабільнасць працоўных месцаў.

“Еўрапейская палітыка, якая праводзіцца нацыянальнымі ўрадамі па ўказанні Бруселя і Страсбурга, накіравана на вызваленне ад адказнасці, у сілу значных скарачэнняў укладаў у сферу сацыяльных паслуг і аховы здароўя”, - растлумачыў Вальтэр Нані, кіраўнік Аддзела даследаванняў італьянскага аддзялення”Caritas”. Меры, якія зыходзяць ад Еўрасаюза, адбіліся на самых слабых пластах еўрапейскага насельніцтва. У Еўропе расце няроўнасць, а сацыяльная абарона ўнутры асобных дзяржаў неэфектыўная і аслабленая, пры гэтым назіраецца разрыў паміж эканамічнай палітыкай і дэмакратыяй, адзначыў сакратар еўрапейскага аддзялення “Caritas” Хорхе Маер.

Даклад “Caritas” сугучны з тым, на што пастаянна звяртае ўвагу папа Францішак, які неаднойчы звяртаў увагу на сацыяльныя праблемы Еўропы і, асабліва, на беспрацоўе сярод моладзі. У кастрычніку 2014 г. ён нават скіраваў спецыяльнае пасланне да ўдзельнікаў агульнаітальянскага форума, прысвечанага праблемам беспрацоўя сярод моладзі, які праходзіў па ініцыятыве мясцовага епіскапату. 

Такога роду праблемы, паводле Святога Айца, маюць не толькі эканамічнае вымярэнне, але звязаны, у першую чаргу, з парушэннем годнасці чалавека. Ён лічыць бягучую сацыяльна-эканамічную сітуацыю ў Еўропе “пакутай для моладзі”. На яго думку, занядбанне праблемы маладых пакаленняў заўсёды пагражае будучыні ўсяго народа.








All the contents on this site are copyrighted ©.