2015-02-27 10:01:00

Беларусь: небяспека ад псеўдапсіхалагічных культаў


Сёння ў Беларусі вядома аб больш чым 300 новых рэлігійных рухах, дзейнасць якіх была заўважана і дакументальна пацверджана на тэрыторыі краіны. У гэтым спісе ў тым ліку і знакамітыя і буйныя (напрыклад, саентолагі ці сведкі Іеговы), невялікія і мясцовыя, а таксама тыя, што ўжо сышлі ў нябыт, і тыя, якія і зараз працягваюць барацьбу за душы. Ці ўсе з’яўляюцца дэструктыўнымі арганізацыямі? Спецыялісты ў дачыненні да новых рэлігійных рухаў ужываюць паняцце “патэнцыйна дэструктыўны”, тлумачыць Беларускай рэдакцыі Ватыканскага радыё рэлігіязнаўца Марына Казмірук. Куды прывядзе цікавасць нечым нязведаным, як ні банальна гучыць, аднаму Богу вядома, а часцей – невядома ні самому “гуру”, ні яго адэптам. “Гэта значыць, што любы рэлігійны рух у нейкі час свайго развіцця можа знаходзіцца ў напружанні з соцыўмам і наадварот – быць адкрытым да яго. Напрыклад, такая секта як “Народны храм”, якая здейсніла масавае самагубства 900 чалавек. На пачатку свайго існавання гэта была невялікая группа людзей, якая была поўнасцю адкрыта да соцыўма і арыентавана на нейкую сацыяльную дзейнасць, актыўнасць”, - патлумачыла Марына Казмірук.

Масавае самазабойства адэптаў “Народнага храма”, справа “Ашрам Шамбалы”, пагрозы пензенскіх сектантаў – сродкі масавай інфармацыі год ад года пужаюць людзей падобнымі артыкуламі і, насамрэч, гэтым аказваюць аўдыторыі “мядзведжую паслугу”: у выніку чалавек ведае пра нейкія секты, але яны быццам недзе далёка, а распазнаць пры сустрэчы небяспечныя, існуючыя побач, не можа. Апошнія, у сваю чаргу, працягваюць жыць у грамадстве, не сустракаюць ніякіх перашкод і крытыкі ў СМІ і робяць сваю справу. 

Цікава, што зараз большая пагроза ідзе не ад тых сект, што адзначыліся ў крымінальных зводках, а ад іншых рухаў, упэўнена Марына Казмірук. У першую чаргу, гэта псеўдапсіхалагічныя і псеўдафіласофскія культы, папулярныя сёння ўсходнія практыкі (медытацыя, ёга), якія не абмяжаўваюцца фізічнымі заняткамі, а нясуць за сабой духоўны кантэкст. “У тых жа ўсходнеарыентаваных культах могуць існаваць і дэструктыўныя моманты, якія здольныя чалавека давесці і да самагубства. У першую чаргу, гэта трансавы стан, у які чалавек можа натрэніраваць сябе самастойна ўваходзіць, і гэта вельмі дрэнна паўплывае на псіхіку, акрамя таго, не вырашае праблем, а толькі пагаршае сітуацыю. У любых культах увогуле існуюць пагрозы фізічныя, фінансавыя, псіхалагічныя. У большасці культаў гаворка ідзе аб тым, што чалавек павінен поўнасцю змяніць кола сацыяльных зносін, а гэта цягне за сабой і разрыў з сям’ёй. Тое, што асяроддзе змяняецца, і ёсць гарантыя таго, што адэпт застанецца ў гэтым руху”, - паведаміла Марына Казмірук.

Хто і як трапляе ў секты? Сектазнаўцам вядомы: і групы рызыкі, і шляхі ўваходу ў новыя рэлігійныя рухі. Цікава, што па статысцыцы чалавек з тэхнічнай адукацыяй больш схільны да практыкавання псеўдакульту, чым гуманітарый. Трапіць туды можна спосабам інтэлектуальным – калі група прапаноўвае тыя адказы, да якіх патэнцыйны адэпт ужо сам прыйшоў, і намінальным – калі псеўдакульт карыстаецца чалавекам, а чалавек – псеўдакультам. А вось што можа абараніць ад уваходу ў секту – адназначна традыцыя, гэта значыць прыналежнасць да традыцыйнай рэлігіі або выхаванне ў такой сям’і. Ну і галоўнае – веды. “На мой погляд, у нашым грамадстве не шмат людзей рэлігійна адукаваных. Калі чалавек прыналежыць да традыцыйнай рэлігіі, напрыклад да Каталіцкага Касцёла, гэта у большай ступені яго страхуе, але гэта не кажа аб тым, што чалавек не можа быць паралельна ўключаны ў астралогію, лекарства, акультна-містычныя плыні. Таму рэлігійная адукацыя нікому не перашкаджае, але трэба казаць і пра філасофію, і пра развіццё крытычнага мыслення чалавека, калі ён можа крытычна паглядзець на той ці іншы рух”, - адзначыла сектазнаўца. 

Паглядзець або спытаць сябе, што прапануе гэта новая плыня? І калі арганізацыя абяцае вырашыць усе праблемы, адказаць на ўсе пытанні, унутры руха – ісціну і супакой, а па-за яго межамі – небяспеку, а яшчэ і хуткі канец свету, з упэўненасцю можна сказаць – ісці па гэтаму шляху не трэба.  Прапанаваць культы могуць і іншае – асабісты рост ці сувязь з НЛО. І такія ў Беларусі ёсць, дарэчы, менавіта мясцовага паходжання: невялікія групы шукаюць сувязь з іншаземцамі і палююць на прывідаў. Ці, напрыклад, рух, які прапануе дасягнуць дасканаласці ці стаць самім Богам – гэта ўжо псеўнаіндуісцкі напрамак, які, на жаль, папулярны сярод сучаснай моладзі, нагадала релігіязнаўца Марына Казмірук. “Ідэя сансары і кармы, на жаль, распаўсюджана сярод моладзі. Трэба адзначыць, што самі індусы не лічаць сучасных еўрапейскіх крышнаітаў індуізмам. Яны лічаць гэта асобнай еўрапейскай плыняй, таму што еўрапеец не ўваходзіць у каставую сістэму. Але гэта не перашкаджае ні пілігрымкам у Індую да храмаў, ні сувязі з гуру”, - адзначыла яна.  

Увогуле ад уваходу ў секту не застрахаваны нікто, падвяла вынік рэлігіязнаўца. Але погляд з боку ці парада спецыяліста на самым пачатку дапаможа не зрабіць непапраўнага кроку. Дарэчы, пры каталіцкай дабрачыннай міссіі ў Мінску ў прошлым годзе быў заснаваны інфармацыйна-кансультацыйны цэнтр, які займаецца зборам сведкаў аб новых рэлігійных рухах у краіне. А таксама тут чакаюць і пацярпелых ад сектаў, бо чалавеку, які ўжо перажыў сустрэчу з нейкай плыняй, часцей самому не справіцца з праблемай і нярэдка трэба шмат часу, каб нанова навучыцца жыць.

Ларыса Абрамчук, Мінск.








All the contents on this site are copyrighted ©.