2015-02-27 13:09:00

У Ватыкане прагучала першае велікапоснае казанне


Сваё першае казанне ў Вялікі пост 2015 г. прапаведнік Папскага Дома а. Раньера Канталамеса прысвяціў апостальскай адгартацыі папы Францішка “Evangelii gaudium”. На яго думку, адгартацыя разглядае тры цікавых і важных пункты: суб’ект, аб’ект і метад евангелізацыі. Напрыклад, да суб’екта евангелізацыі Папа адносіць усіх ахрышчаных. Гэта не новае сцвярджэнне. Святы Айцец толькі ў чарговы раз пацвердзіў тое, што шмат разоў сцвярджалі яго папярэднікі. Навізна ў іншым – у закліку да чытачоў, абнавіць “асабістую сустрэчу з Хрыстом”.

Па словах папскага прапаведніка, каб зразумець, што азначае “асабістая сустрэча з Хрыстом”, трэба звярнуцца да гісторыі хрысціянства. Якім чынам чалавек станавіўся хрысціянінам у першыя тры стагоддзі гісторыі Касцёла? Гэта адбывалася пасля доўгага навяртання, падрыхтоўкі да хросту, у выніку прыняцця асабістага, рызыкоўнага ў тыя гады, рашэння. З афіцыйным прызнаннем хрысціянства сітуацыя змянілася. У рэгіёнах былой Рымскай імперыі рашэнне пра хрост прымаў не асобны чалавек, а ўсё грамадства: амаль заўсёды хрысціліся дзеці. Сярод варвараў існаваў звычай, згодна з якім насельніцтва прытрымлівалася рашэння свайго правадыра: рэлігія караля рабілася афіцыйнай рэлігіяй каралеўства. Сучасная эпоха – гуманізм, французская рэвалюцыя, асвета, імкненне да свабоды і самавызначэння асобы, радыкальная секулярызацыя – глыбока змянілі грамадства. Паўстала патрэба ў новай евангелізацыі, у стварэнні магчымасцяў, якія дазволяць сучаснаму чалавеку прыняць асабістае, свабоднае і сталае рашэнне, якое зробіць з яго рэальнага, а не намінальнага хрысціяніна.

Што ж рабіць з масай ахрышчаных намінальных хрысціянаў, якія цураюцца Касцёла і сакрамэнтальнага жыцця? Адказ на гэту праблему – у шматлікіх касцёльных рухах, свецкіх арганізацыях і парафіяльных супольнасцях, якія дазваляюць многім дарослым людзям зрабіць асабісты выбар на карысць Хрыста, сур’ёзна паставіцца да свайго хросту і стаць актыўнымі членамі Касцёла.

Чаму ж Евангелле служыць крыніцай радасці? Паводле Марка:  “Пасля таго як выдалі Яна, прыйшоў Езус у Галілею, прапаведуючы Евангелле Божае і кажучы: “Споўніўся час, і наблізілася Валадарства Божае; кайцеся і верце ў Евангелле” (Мк, 1, 14-15). На першы погляд, гучыць не як радасная вестка, а хутчэй як суровы заклік да перамен: “кайцеся”. Да прыхода Езуса пакаянне заўсёды азначала вяртанне назад, да мінулага парушанага запавету. Але ў вуснах Езуса значэнне гэтага слова мяняецца. Пакаянне больш не азначае вяртанне да мінулага, а хутчэй рух наперад, уваходжанне ў Божае Валадарства. Вось чаму Евангелле – гэта крыніца радасці.

У сваёй адгартацыі папа Францішак разважае над сінтэзам веры і добрых спраў, бо вера без дабрачыннасці, без добрых спраў і ўчынкаў – мёртвая вера. Ён упэўнены, што трэба сказаць рашучае “не” эгаізму, несправядлівасці, пакланенню перад грашыма, і цвёрдае “так” служэнню, грамадскаму абавязку, дапамозе бедным. Святы Дух прыйдзе нам у гэтым на дапамогу, нагадвае Папа і прыводзіць прыклад чалавечага дыхання, якое складаецца з дзвюх фаз: удых –выдых. Тое ж адбываецца і з душой: мы ўдыхаем кісларод – Святы Дух –падчас малітвы, разважання над Божым словам, падчас прыняцця сакрамэнтаў, маўчання, і “выдыхаем” Святы Дух, дапамагаючы бліжняму. Перыяд Вялікага Паста – час удыха, звярнуў увагу а. Канталамеса і заклікаў напоўніць лёгкія душы Святым Духам.








All the contents on this site are copyrighted ©.