2015-02-28 15:10:00

Францішак: грошы на службе людзям, а не наадварот


Калі грошы становяцца ідалам – пачынаюць кіраваць рашэннямі людзей, сказаў папа Францішак 28 лютага 2015 г. падчас сустрэчы з прадстаўнікамі Канфедэрацыі італьянскіх кааператываў. На аўдыенцыю з Пантыфікам прыбылі каля 7 тыс. членаў гэтага аб’яднання. Звяртаючыся да іх Святы Айцец нагадаў, што ў актуальны перыяд існуе патрэба ў якасна новай эканоміцы, якая павінна дапамагчы людзям развіцца ва ўсім іх патэнцыяле. На думку Папы, толькі  сапраўдныя кааператывы могуць сумленна кіраваць грашыма, каб апошнія знаходзіліся на службе людзям, а не людзі на службе ім.

У сваёй доўгай прамове Францішак адзначыў важнасць супрацоўніцтва паміж банкаўскімі кааператывамі і прадпрыемствамі, заклікаў працадаўцаў плаціць справядлівы заробак, спрыяць годнаму жыццю сем’яў, інвеставаць сродкі ў па-сапраўднаму неабходныя праекты. Святы Айцец нагадаў, што несправядліва наймаць на цяжкую працу за малы заробак, карыстаючыся тым, што існуе вялікая колькасць беспрацоўных, згодных на любыя ўмовы.

Цытуючы словы Базыля Вялікага і св. Францішка Асізскага, Пантыфік назваў грошы “выпаражненнем д’ябла”. Ён заклікаў змагацца супраць “культуры марнатраўства”, якая пануе ў эканоміка-фінансавай палітыцы глабалізаванага свету. “Кааператыўная эканоміка павінна пераследаваць празрыстыя і ясныя мэты, садзейнічаць сумленнай эканоміцы”, сказаў Папа і дадаў, што яна можа развівацца дзякуючы людзям, “якія жадаюць толькі супольнага дабра”.

Святы Айцец пажадаў, каб кааператывы працягвалі працаваць на карысць самых слабых і ўразлівых членаў грамадства: моладзі, жанчын, пажылых людзей, хворых, інвалідаў. Неабходна глабалізацыя салідарнасці і стварэнне большай колькасці кааператываў для новых працоўных месцаў, якіх сёння няма, лічыць Папа.

Францішак заклікаў змагацца супраць фальшывых структур, якія “прастытуіруюць сваім добрым імем кааператыва”, каб падманваць людзей “з мэтай абагачэння”. “Прыняцце пачэснага выгляду і пераследванне ганебных і амаральных мэтаў”, часта звязаных з эксплуатацыяй працы, маніпуляцыямі на рынку і карупцыяй – непрымальнае, падкрэсліў Святы Айцец.

Канфедэрацыя італьянскіх кааператываў была заснавана ў 1919 г. Гэта аб’яднанне дзейнічае на прынцыпах Міжнароднага кааператыўнага альянсу і сацыяльнага навучання Касцёла. У Італіі першыя аграрныя і крэдытныя кааператывы былі заснаваны каталіцкімі святарамі, з мэтай дапамогі бедным слаям грамадства ў дасягненні іх мэтаў.








All the contents on this site are copyrighted ©.