2015-02-28 11:46:00

Другая гадавіна заканчэння пантыфікату Бэнэдыкта XVI


Два гады таму закончыўся пантыфікат Бэнэдыкта XVI. Вечарам 28 лютага 2013 г. Святы Айцец развітаўся са сваімі ватыканскімі супрацоўнікамі і абляцеўшы на верталёце вакол базылікі св. Пятра накіраваўся ў рэзідэнцыю Рымскіх Пантыфікаў у Кастэль-Гандольфа. Тут ён правёў наступныя два месяцы, пакуль не пасяліўся ў будынку былога кляштару “Mater Ecclesiae” на тэрыторыі Ватыканскіх садоў.

Апошні раз звяртаючыся да вернікаў з вакна апостальскага палацу ў Кастэль-Гандольфа Папа назваў сябе “пілігрымам, які пачынае сваю апошнюю пілігрымку на гэтай зямлі”. Ён паабяцаў, што будзе “працягваць працаваць усімі сваімі сіламі для дабра Касцёла і чалавецтва”.

Пантыфікат Бэнэдыкта XVI закончыўся ў 20.00. З боем званоў, які азначыў гэту падзею, сваю варту пакінулі швейцарскія гвардзейцы, а папскія апартаменты ў ватыканскім Апостальскім палацы былі апячатаны. Перыяд “sede vacante” працягваўся каля двух тыдняў. Ён закончыўся 13 сакавіка 2013 г. абраннем на Пасад св. Пятра аргентынскага кардынала Хорхэ Марыё Берголіа, які ўзяў сабе імя Францішак.








All the contents on this site are copyrighted ©.