2015-02-28 17:13:00

У Ватыкан прыбудуць іерархі з Паўночнай Афрыкі


Дыялог з мусульманамі лічаць сваім прыярытэтным выклікам іерархі Рэгіянальнай Канфэрэнцыі Біскупаў Паўночнай Афрыкі, якія 2-7 сакавіка 2015 г. будуць знаходзіцца ў Ватыкане з візітам “ad limina Apostolorum”. Католікі ў краінах Магрыбу з’яўляюцца меншасцю. Іх супольнасць складаецца галоўным чынам з замежных грамадзян, распавёў Ватыканскаму радыё старшыня рэгіёнальнага епіскапату і арцыбіскуп Рабату Вінсэнт Ландэль.

Іерарх французскага паходжання адзначыў, што з пачаткам шэрагу драматычных канфліктаў у рэгіёне, адбыліся значныя змены ў складзе каталіцкай супольнасці ў Лівіі. Хрысціяне пачалі масава пакідаць краіну і сёння ў некаторых гарадах засталіся толькі маленькія групы вернікаў. Калі раней у Лівіі пражывалі каля 150 тыс. католікаў, то на сённяшні дзень іх засталося каля 2-3 тыс., расказаў ён. У астатніх краінах рэгіёну працягваецца спакойнае жыццё каталіцкай супольнасці і адбываецца супрацоўніцтва з мусульманамі.

У Рэгіянальную Канфэрэнцыю Біскупаў Паўночнай Афрыкі ўваходзяць іерархі з Марока, Алжыру, Туніса і Лівіі. У рамках візіту “ad limina Apostolorum” яны наведаюць ватыканскія структуры і сустрэнуцца з папам Францішкам.








All the contents on this site are copyrighted ©.