2015-03-03 10:43:00

У Беларусі развіваецца турэмнае душпастырства


Вялікі Пост – не проста чарговы літургічны перыяд, а найбольш спрыяльны час для учынкаў міласэрнасці. Адзін з іх – суцешыць вязня. Адбываючы пакаранне ў турме, людзі нават пры жаданні не маюць магчымасці кожную нядзелю наведваць храм, прыступаць да святых сакрамэнтаў. Але Бог шукае чалавека ў кожнай сітуацыі. З дэкрэту біскупа Антонія Дзям’янкі, пробашч парафіі Узвышэння Святога Крыжа ў Нароўлі кс. Вінцэнт Сяўрук ужо два гады вядзе душпастырства ў турмах Гомельскай вобласці. Святар кажа, што за гэты невялікі тэрмін адчуў, што яго служэнне – запатрабаванае, і асуджаныя чакаюць святара, бо патрабуюць навяртання. Ксёндз перакананы, што і для яго, і для зняволеных гэтыя сустрэчы вельмі патрэбныя – нават дзеля адной авечкі, што Езус шукае, каб прывесці назад, у Божую аўчарню. 

Людзі, якія адбываюць пакаранне, часта дзякуюць за святарскае служэнне, і, калі развітваюцца з духоўнай асобай, запрашаюць прыехаць зноў, прызнаўся кс. Вінцэнт Сяўрук у інтэрв’ю Беларускай рэдакцыі Ватыканскага радыё: “Увогуле чалавек, вера яго, мала чым адрозніваецца – ці ён на волі, ці ў турме. Веруючы чалавек, трапляючы ў турму, не перастае верыць. Чалавек вольны прыйсці на св. Імшу, на сустрэчу са святаром, жыць сакрамэнтамі, блізкасцю з Богам, і на свабодзе, і ў зняволенні. Вольны маліцца ці не маліцца. Магчыма, розніца ў тым, што ў турме менш магчымасцяў, бо на свабодзе можна быць на св. Імшы хоць кожны дзень. У турме ж – толькі ў акрэсленыя дні”, - падзяліўся святар.

Кожны з асуджаных мае права падаць просьбу кіраўніцтву калоніі, каб мець магчымасць сустрэцца з каталіцкім святаром. Атрымаўшы дазвол, чалавек можа прысутнічаць на сустрэчы з духоўнай асобай, праняць удзел у Эўхарыстыі, слухаць Божае слова, удзельнічаць у катэхезе, прыступіць да споведзі, прыняць св. Камунію. Святар бывае ў калоніі раз на месяц.

Кс. Вінцэнт дасвечыў шмат сітуацый, калі менавіта апынуўшыся ў зняволенні чалавек прыходзіць да Бога, навяртаецца, і зусім у іншым вымярэнні перажывае сваё адбыванне пакарання, ужо не толькі як прымус, але, перш за ўсё, як выкупленне за ўчыненыя злачынствы.

У зняволенні жанчыны і мужчыны маюць магчымасць чытаць каталіцкія часопісы, з дазволу кіраўніцтва калоній бібліятэкі папаўняюцца каталіцкай літаратурай. Кожны чалавек – асоба, якая патрабуе як індывідуальнага падыходу, так і часам псіхалагічнай дапамогі, а найперш – малітоўнай.

“Да кожнага чалавека трэба падыходзіць з Божай справядлівасцю, і таксама з Божай міласэрнасцю. Божая справядлівасць – каб чалавек захоўваў Божыя запаведзі і знаходзіўся ў праўдзе перад Богам, вызнаваў свае грахі. Але таксама на гэтага чалавека трэба глядзець позіркам Божай міласэрнасці – Бог любіць гэтага чалавека і хоча даць яму дапамогу, каб ён падняўся і быў лепшым, стаў бліжэй да Бога”, - падкрэсліў святар.

Кс. Вінцэнт памятае сітуацыі, калі людзі толькі ў турме ўспаміналі, што некалі былі ахрышчаныя ў Каталіцкім Касцёле або, што іх бацькі былі католікамі. Менавіта зняволенне падштурхнула іх да пошуку Бога.

У служэнні ў турме кс. Вінцэнт дасведчыў, што варта быць святаром, што Божая ласка дае патрэбныя сілы для выканання гэтага паклікання. Таксама Бог, праз людзей, сустрэтых падчас турэмнага душпастырства, вучыць, дае духоўную падтрымку, разуменне жыцця. Такі досвед дае магчымасць па-іншаму глядзець на свет, на жыццё людзей, грамадства і задумвацца – як дапамагчы людзям жыць па-божаму.

“Прычына таго, што чалавек трапляе ў турму, перш за ўсё ў адыходзе ад Бога, ад веры. Чалавек, адыходзячы ад Бога, шукае ў іншых рэчах вырашэнне сваіх праблем, трапляе ў залежнасці, розныя сітуацыі жыцця без Бога, якія пазней могуць прывесці да адбывання пакарання ў турме. Той, хто думае, што пабудуе сваё жыццё без веры ў Бога, без Яго дапамогі – глыбока памыляецца. Вельмі шмат выпадкаў, калі людзі адышлі ад Бога і жылі без Яго, і наступствамі такога жыцця стала тое, што чалавек здзейсніў злачынства і апынуўся ў турме. На свабодзе не мог зразумець сваіх праблем, кораня зла– пакуль не апынуўся ў турме”, - заключыў турэмны душпастыр.

Бліжэй да Вялікадня кс. Вінцэнт зноў збіраецца да сваіх “падапечных”, каб прынесці ім радасць уваскрослага Хрыста.

Алена Германовіч, Павел Міцкевіч, Пінская дыяцэзія.








All the contents on this site are copyrighted ©.