2015-03-04 14:02:00

Пантыфік: біскуп – гэта прынцып адзінства ў Касцёле


Да будавання свайго жыцця на Эўхарыстыі заклікаў папа Францішак біскупаў – сяброў руху “Факаляраў”. 4 сакавіка 2014 г. раніцай у Ватыкане ён прыняў дэлегацыю з 60 іерархаў з 35 краін. Прамаўляючы да іх, Пантыфік засяродзіўся на значэнні Эўхарыстыі для жыцця Касцёла. “Без Эўхарыстыі, адзінства страціла б сваю сілу Божага прыцягнення і была б абмежавана да пачуццяў і дынамікі чыста чалавечай, псіхалагічнай, сацыялагічнай. Таму Эўхарыстыя гарантуе, каб у цэнтры быў Хрыстус, і Яго Дух, Дух Святы, Які кіруе нашы крокі і нашы ініцыятывы сустрэчы і братэрства”, - сказаў Папа. Ён нагадаў іерархам пра іх ролю – збіраць супольнасці вакол Эўхарыстыі, “падвойнага стала Слова і Хлеба Жыцця”. Францішак назваў гэта іх “асноўным служэннем”. 

“Біскуп – гэта прынцып адзінства ў Касцёле, але гэтага не адбудзецца без Эўхарыстыі. Біскуп збірае людзей не вакол сябе самаго або сваіх ідэй, але вакол Хрыста, Які прысутнічае ў сваім Слове і сакрамэнце свайго Цела і Крыві”, - сказаў Пантыфік. На яго думку біскуп павінен збіраць вернікаў у “школе Езуса” разам з ахвярай свайго жыцця, “асабіста прымаючы форму эўхарыстычнага існавання”. Толькі так ён можа стаць “жывым Евангеллем”, “хлебам, ламаным для жыцця многіх праз сваё вучэнне і сведчанне”. “Той, хто з верай сілкуецца Хрыстом, Хлебам жыцця, мабілізуецца Яго любоўю аддаць жыццё за братоў, каб выйсці, сустрэцца з людзьмі, выкінутымі на узбочыну і пагарджанымі”, - падкрэсліў Францішак.

Папа асаблівым чынам падзякаваў іерархам, якія прыбылі “з акрываўленых земляў” Сірыі і Іраку, а таксама Украіны. Ён прызнаўся, што перажывае разам з імі пакуты мясцовых народаў. “Падчас штодзённай св. Імшы мы яднаемся з вамі, молімся за вас, цэлебруючы Ахвяру Хрыста”, - сказаў ён і заклікаў біскупаў працягваць экуменічны і міжрэлігійны дыялог. 

Рух “Факаляраў” быў заснаваны ў 1943 г. у італьянскім Трэнта. Яго часта называюць “рухам адзінства і ўсеагульнага братэрства”. У цяперашні час у яго склад уваходзіць больш за 120 тыс. асоб; 1,5 млн. – гэта яго прыхільнікі. Многія з іх належаць да не-каталіцкіх супольнасцяў і іншых рэлігій. Рух быў афіцыйна прызнаны Святым Пасадам у 1964 г. і прысутнічае ў 194 краінах па ўсім свеце.








All the contents on this site are copyrighted ©.