2015-03-04 16:40:00

Хутка кананізацыя бацькоў св. Тэрэзы


Кананізацыя бацькоў св. Тэрэзы з Лізьё адбудзецца ў кастрычніку і супадзе з Сінодам Біскупаў на тэму сям’і. Аб гэтым паведаміў прэфект Кангрэгацыі па справах Кананізацыі кардынал Анджэла Амата. “Святымі з’яўляюцца не толькі святары і законнікі, але таксама і свецкія вернікі”, - сказаў ватыканскі іерарх падчас адной з сустрэч у Рыме. Беатыфікаваныя ў 2008 г. Мары-Зэлі і Луі Мартэн мелі дзевяць дзяцей, чацвёра з якіх памёрла, а ўсе астатнія пяць дачок сталі законніцамі, у тым ліку св. Тэрэза. 

Луі Мартэн нарадзіўся ў 1823 г. у Бардо у сям’і капітана французскай арміі. Нейкі час ён жыў у Парыжы, але неўзабаве вярнуўся да бацькоў у Аленсон, дзе адкрыў ювелірную лаўку. Працу ён спалучаў з духоўнымі практыкаваннямі і сацыяльна-культурнай дзейнасцю. 13 ліпеня 1858 г. ён ажаніўся з Мары-Зэлі, з якой пазнаёміўся тры месяцы таму і якая – як потым прызналася сама – калі ўпершыню сустрэлася з ім на вуліцы, пачула ўнутраны голас: “Гэта той, якога я падрыхтаваў для цябе”.
 
Мары-Зэлі, якая нарадзілася у 1831 г. недалёка ад Аленсон, была асобай з прадпрымальніцкім талентам і ўжо ва ўзросце 20 гадоў пачала свой уласны бізнес па карункапляценні. Яна, як і яе муж, падзяляла сваю прафесійную кар’еру з глыбокім унутраным жыццём і пабожнасцю, а таксама са справамі міласэрнасці.

Выдатнай крыніцай ведаў аб іх паўсядзённасці, пачуццях, рэлігійным і духоўным жыцці з’яўляюцца лісты. Захавалася 218 лістоў Мары-Зэлі да мужа і 16 Луі да яе. Тэрэза, пазней вялікая святая, апякунка місій і Доктар Касцёла, пісала пра сваіх бацькоў, што яны былі “больш годным неба, чым зямлі”. 

Беатыфікацыйны працэс сужонкаў Мартэн вёўся ў 1957-60 гадах у дыяцэзіях Баё-Лізьё і Сэ, а затым у Рыме. У 1994 г. Ян Павел II зацвердзіў гераічнасць цнотаў, а ў 2008 г. Бэнэдыкт XVI дазволіў беатыфікацыю мужа і жонкі пасля прызнання цуду праз іх заступніцтва – аздараўлення ад цяжкага захворвання лёгкіх італьянскага хлопчыка Пьетра Шыліро Монцы.

Мары-Зэлі і Луі Мартэн з’яўляюцца другой сужэнскай парай, далучанай Касцёлам да ліку благаслаўлёных у наш час. Першымі былі Луіджы і Марыя Бельтрамэ Куатрокі, якіх Ян Павел II абвясціў благаслаўлёнымі ў 2001 г.








All the contents on this site are copyrighted ©.