2015-03-05 14:07:00

Святы Пасад у ААН пра забарону смяротнага пакарання


Апостальская Сталіца ў чарговы раз заявіла пра сваю падтрымку рэзалюцыі Генеральнай Асамблеі ААН аб увядзенні мараторыя на смяротнае пакаранне. 4 сакавіка 2015 г . пастаянны прадстаўнік Святога Пасаду пры ААН у Жэневе арцыбіскуп Сільвана Тамазі прыняў удзел у 28-й сесіі Рады ААН па правах чалавека.  Ватыканская пазіцыя па гэтай праблеме была выразна сфармулявана ў апошнія дзесяцігоддзі, адзначыў ён. Святы Пасад разглядае праблему смяротнага пакарання ў кантэксце абароны недатыкальнай годнасці чалавека, пры гэтым роля дзяржаўных органаў – абараніць грамадскі дабрабыт і правапарадак. На практыцы ў большасці дзяржаў у выніку ўдасканалення пенітэцыярнай сістэмы стала відавочна, што існуюць іншыя, акрамя смяротнага пакарання, сродкі абароны жыцця і бяспекі людзей.

Іерарх прывітаў палітычныя і заканадаўчыя ініцыятывы, накіраваныя на скасаванне смяротнага пакарання ў шэрагу краін і прывядзенне крымінальнага заканадаўства ў адпаведнасць з крытэрыямі чалавечай годнасці і эфектыўнага падтрымання грамадскага правапарадку. Арцыбіскуп Тамазі нагадаў словы Святога Айца аб тым, што заканадаўчая і судовая практыка павінна заўсёды кіравацца крытэрыем першаснасці чалавечага жыцця і годнасці, і звярнуў увагу на магчымасць судовых памылак, а таксама выкарыстання смяротнага пакарання таталітарнымі і дыктатарскімі рэжымамі для пераследа палітычных апанентаў ці рэлігійных і культурных меншасцяў.

Акрамя таго, дадаў ватыканскі прадстаўнік, трэба ўлічваць, што смяротнае пакаранне не мае пазітыўнага эфекту стрымлівання, а незваротнасць гэтай кары не дапускае магчымасці выпраўлення судовых памылак. Для дасягнення жаданай мэты – забароны смяротнага пакарання – неабходна прыняць наступныя крокі: правесці сацыяльныя рэформы, палепшыць турэмныя ўмовы і гарантаваць павагу да годнасці чалавека, пазбытага свабоды, адзначыў прадстаўнік Апостальскай Сталіцы. 








All the contents on this site are copyrighted ©.