2015-03-05 14:25:00

У Ватыкане працуе ўсё больш і больш жанчын


У Ватыканскіх структурах і ўстановах Святога Пасаду працуе ўсё больш і больш жанчын. Даследаванне напярэдадні Міжнароднага жаночага дня правяла супрацоўніца Нямецкай рэдакцыі Ватыканскага радыё Гудрун Зайлер. Яна зваўважыла, што іх колькасць з кожным годам павялічваецца. Калі ў 2004 г. жанчыны сярод ватыканскіх супрацоўнікаў складалі каля 13%, то ў 2014 г. – ужо амаль 19%. Самая вялікая колькасць жанчын задзейнічана ў структурах Губернатарату Дзяржавы Ватыкан. Тут іх працуе 371. Гэта амаль ў два разы больш, чым дзесяць гадоў таму.

Падобная сітуацыя назіраецца таксама і ў структурах Апостальскай Сталіцы. У 2014 г. сярод супрацоўнікаў Рымскай курыі і звязаных з ёй устаноў, як напрыкад Ватыканскае радыё, жанчыны складалі каля 18% – гэта 333 асобы. Яшчэ пяць гадоў таму іх было 288. Каля 40% супрацоўніц – гэта высокакваліфікаваныя спецыялісты.

Хоць жанчыны не стаяць на чале ватыканскіх дыкастэрый, дзве з іх займаюць пасады падсакратароў. Гаворка ідзе пра Кангрэгацыю па справах Інстытутаў кансэкраванага жыцця і Таварыстваў апостальскага жыцця, а таксама пра Папскую раду “Iustitia et pax”.

Цікава, што першая жанчына была прынята на працу ў Ватыкан каля 100 гадоў таму – 1 лютага 1915 г. Рымлянку Анну Пецолі прызначылі памочніцай у так званай “Floreria Apostolica”, структуры, адказнай за афармленне месц, дзе праходзяць сустрэчы з Папам. У 1926 г. былі прыняты на працу першыя жанчыны-рэстаўратары, якія прымалі ўдзел у аднаўленні каштоўных дываноў з калекцыі Ватыканскіх музеяў. Гэта былі і законніцы, і свецкія верніцы. З 1929 г. жанчын пачалі прымаць на працу ў Ватыканскую бібліятэку, а пасля ІІ Ватыканскага Сабору – у іншыя ўстановы.








All the contents on this site are copyrighted ©.