2015-03-05 13:06:00

Францішак пра паліятыўнае лячэнне


5 сакавіка 2015 г. папа Францішак даў аўдыенцыю ўдзельнікам пленарнага паседжання Папскай акадэміі абароны жыцця, якое было прысвечана тэме “Дагляд за састарэлымі і паліятыўнае лячэнне”. Па словах Пантыфіка, паліятыўнае лячэнне добра адлюстроўвае здольнасць чалавека клапаціцца пра бліжняга. Чалавечае жыццё заўсёды застаецца каштоўнасцю, нават калі ён адзначаны сталым узростам ці хваробай, заўважыў Святы Айцец.

Біблійная запаведзь, якая вучыць нас шанаваць бацькоў, у больш шырокім сэнсе нагадвае нам пра тое, што трэба паважаць усіх старых. Рабіць гэта трэба для таго, “каб падоўжыліся дні твае” і “каб добра было табе” (Дрг 5, 16). На думку Пантыфіка, гэта запаведзь раскрывае галоўную педагагічную сувязь бацькоў і дзяцей, якая засноўваецца на перадачы рэлігійных і іншых ведаў будучым пакаленням. Біблійныя словы актуальныя і ў сучасным грамадстве, у якім логіка выгады пераважае над салідарнасцю і бескарыслівасцю, падкрэсліў папа Францішак. У нашы дні “шануй” можна перакласці як “паважай” і “клапаціся” аб тых, хто памірае. Медыцына адыгрывае ў гэтым асобную ролю: яна сведчыць пра павагу да старых і ўвогуле да кожнай чалавечай істоты. Медыкі не павінны кіравацца толькі такімі крытэрыямі як: эфектыўнасць, эканамічная выгада, правілы сістэмы аховы здароўя, а дзяржава не павінна патрабаваць толькі прыбытку ад медыцыны. Для грамадства няма нічога важней, чым клопат пра чалавека, упэўнены папа Францішак.

Старыя маюць патрэбу ў клопаце і любові сваякоў, якіх не могуць замяніць нават самыя эфектыўныя лекавыя ўстановы і кампетэнтныя медыкі. Паліятыўнае лячэнне можа служыць толькі дапаўненнем той дапамогі, якую аказваюць сваякі. Задача паліятыўнага лячэння – палегчыць пакуты чалавека на апошніх стадыях хваробы. Гэта перш за ўсё тычыцца старых, якія па прычыне ўзросту атрымоўваюць усё менш увагі з боку лекавай медыцыны.

Адзінота – самая цяжкая старэчая “хвароба” і вялікая несправядлівасць: той, хто выгадаваў і выхаваў нас, не павінен заставацца самотны тады, калі мае патрэбу ў нашай дапамозе, перакананы папа Францішак.








All the contents on this site are copyrighted ©.