2015-03-07 10:32:00

Беларусь: часопіс “Наша вера” адзначае 20-годдзе


У рэдакцыі часопіса “Наша вера” сёння кіпіць праца: рыхтуецца юбілейны нумар. Сёлета квартальнік адзначае 20-годдзе свайго існавання. Прыкладна ў гэты ж час, на самым пачатку вясны 1995 г. першы нумар “Нашай веры” выйшаў у свет. Можна ўявіць сабе або ўзгадаць: на вуліцы – адліга, і тая ж адліга, а дакладней неверагодны пад’ём – у духоўным жыцці краіны. Літаратура і перыёдыка на рэлігійную тэму не проста запатрабаваныя, яны – неабходныя як подых свежага паветра. 

“Наша вера” стала ў адзін рад з першымі рэлігійнымі выданнямі постсавецкай Беларусі. І ніхто, напэўна, тады і не марыў, што часопіс перасягне 20-цігадовую веху, прызналася ў інтэрв’ю Беларускай рэдакцыі Ватыканскага радыё Крыстына Лялько, нязменны галоўны рэдактар “Нашай веры”. “Ідэя, як гэта часта бывае, нарадзілася на кухні, пры гарбаце. Мы думалі – выпадкова, але выпадковага, як вядома, нічога не бывае. Мы свецкія філолагі і журналісты сталі прыладамі ў Божых руках. Ідэю квартальніка падтрымалі айцы-францішкане, першыя нашы нумары друкаваліся ў Польшчы. Намі заапекаваўся і св. Максіміліян Кольбэ. Напэўна, сёння ўжо бачна, што і благаслаўленне св. Яна Паўла ІІ, якое Папа ўдзяліў на самым пачатку нашай працы ў 1994 г., нам дапамагала і дапамагае. Святой памяці кардынал Казімір Свёнтэк падрымаў ідэю такога выдання і нават напісаў невялікае ўступнае слова, якое мы надрукавалі ў першым нумары”, - узгадвае беларуская пісьменніца.   

Тыраж у 1300 экземпляраў “Наша вера” трымае ўвесь гэты час, як кола сваіх чытачоў, так і кола сваіх аўтараў. Аўдыторыя, якая чытае, супрацоўнічае з выданнем, на самым пачатку была акрэслена як беларуская інтэлігенцыя, студэнцкая моладзь, і зараз застаецца вернай часопісу. 

20 гадоў існавання – гэта значная адметка для любога мас-медыя – рэспубліканскага, мясцовага, ужо не кажучы пра рэлігійнае, некамерцыйнае і… беларускамоўнае. Тое, што магло б, здаецца, калісьці патапіць часопіс, насамрэч, дапамагло застацца яму запатрабаваным, а калектыву – працягваць працу, якую і працай не лічаць, а больш служэннем. “Мне вельмі часта прыносяць матэрыялы нашы аўтары – мастацтвазнаўцы, мастакі, архітэктары, рэстаўратары і кажуць, што добра, што ёсць такі часопіс, дзе можна друкаваць свае даследванні па іканаграфіі, сакральнай архітэктуры. Яны нават не ўяўляюць, дзе б яны друкаваліся, калі б часопіса не было. І тым часам “Наша вера” – не спецыяльнае выданне мастацкае ці архітэктурнае, яно шырокага профілю. І калі чуеш такія словы, радуешся за аўтараў, радасна і нам. І магчыма ў гэтым сакрэт – у радасным служэнні Богу і Касцёлу”, - адзначыла Крыстына Лялько. 

Матэрыялы, прысвечаныя жыццю Каталіцкага Касцёла, гісторыі хрысціянства ўвогуле, разважанні тэалогаў пра пытанні веры, інтэрв’ю са святарамі, артыкулы навукоўцаў, вершы і проза беларускіх і замежных аўтараў – і гэта яшчэ не ўсё, што можна знайсці на старонках “Нашай веры”. І не толькі ў пазнавальным, але ў практычным плане: шматлікімі артыкуламі часопіса карыстаюцца нават пры напісанні навуковых і дыпломных прац. У чым, акрамя гэтага, зацікаўлены сучасны чытач? Хутка ў рэдакцыі збяруць пашыраную раду рэдкалегіі, каб абмеркаваць гэта пытанне. Відавочна, сёння толькі запоўніць духоўны інфармацыйны вакуум – мала, трэба рухацца далей, упэўнена галоўны рэдактар Крыстына Лялько. “Пася 70 гадоў атэістычнага сквару, які выпаліў усё хрысціянскае ў нашай краіне і на постсавецкай прасторы, калі засталася пустэльня, тое ўсё, што б мы не друкавалі, усё было запрабавана – мы вярталі памяць беларускаму народу: хто мы, што мы? Цяпер настаў другі час, трэба з аднаго боку паглыбляць, з іншага – вяртацца да карянёў і крыніцаў, з якіх можна чэрпаці і чэрпаць. І мы жадаем чэрпаць, жадаем паказваць багацце тэалагічнай і філасофскай думак,  разнастаіць тэматыку. Нам не хапае злабадзённасці ў часопе. Было адраджэнне, і была эйфарыя. Нам здавалася, што ўсё цудоўна і добра. Наступае час, калі мы разумеем, што ёсць праблемы ў духоўным, рэлігійным жыцці, ёсць праблемы ў Касцёле. І трэба аб гэтым расказваць, бо не вылечыш хваробу, калі не паставіш дыягназ. І вось нам не хапае менавіта аналітычных тэкстаў, увогуле святарскай публіцыстыкі моцнай. І мясцовых тэкстаў, тут, пра наша жыццё, якія б дапамагалі нам узрастаць, а Касцёлу развівацца”, - падзялілася думкамі галоўны рэдактар “Нашай веры”. 

Дзеля знаёмства з хрысціянствам ці паглыблення ведаў, навяртання ці новай евангелізацыі – праз 20 гадоў існавання і місія выдання іншая. Пісаць проста і адначасова моцна, зразумела і адначасова прафесійна, аб недахопах без абвінавачванняў – такія маладыя аўтары ўжо з’явіліся і друкуюцца ў рэлігійнай каталіцкай прэсе беларускай прасторы, у “Нашай веры” спадзяюцца, што гэтыя матэрыялы прыйдуць таксама і ў часопіс, магчыма, ужо ў юбілейны год. “Мы хочам пражыць гэты год пад знакам юбілею. Першы нумар адкрыецца прамовай арцыбіскупа Тадэвуша Кандрусевіча, Мітрапаліта Мінска-Магілёўскага, таксама рыхтуецца цікавае інтэрв’ю з Віцебскім ардынарыем біскупам Алегам Буткевічам, будзе таксама паэзія Яна Чыквіна, Аксаны Данільчык, проза Ірыны Жарнасек, публіцыстыка цікавая”, - падзялілася планамі Крыстына Лялько.

Сёння ў рэдакцыі кіпіць праца: рыхтуецца першы нумар юбілейнага года. Ён выйдзе ў свет напрыканцы сакавіка. Усіх сакрэтаў не выдаюць, але адкрыць часопіс будзе варта, як і іншыя выданні 2015 г., дзе будуць вяртацца да гэтай даты і друкаваць самае цікавае. Трэба сказаць, што хутка змены закрануць і інтэрнэт-старонку “Нашай веры”, яна запрацуе ў поўную моц. 

Лырыса Абрамчук, Мінск.








All the contents on this site are copyrighted ©.