2015-03-14 14:54:00

Дзяржсакратар: католікі Беларусі заслугоўваюць візіту Папы


Каталіцкая супольнасць Беларусі заслугоўвае візіта папы Францішка, адзначыў кардынал Дзяржсакратар Пьетра Паралін 14 сакавіка 2015 г. падчас прэс-канферэнцыі ў Мінску. “Я думаю, што гэта пажаданне заслугоўвае задавальнення, як з улікам  таго досведу пакутаў, які перанесла каталіцкая супольнасць Беларусі, так і з улікам яе ўкладу ў станаўленне, аднаўленне і развіццё рэлігійнага жыцця ў Беларусі”, - сказаў ватыканскі іерарх.

Кардынал Паралін падкрэсліў, што акрамя жадання самой каталіцкай супольнасці Беларусі, запрашэнні адносна візіту папы Францішка паступілі таксама ад усіх галінаў дзяржаўнай улады. “Гэта запрашэнне і жаданне ўбачыць папу Францішка на беларускай зямлі было агульным элементам маіх сустрэч у дзяржаўных органах”, - дадаў ён.

Дата візіту, паводле кардынала Дзяржсакратара, можа быць вызначана ў далейшым. “Я толькі магу спадзявацца, што будуць сфармуляваны ўмовы для таго, каб Папа мог адказаць на пажаданні рэлігійнай супольнасці і прыняць запрашэнне дзяржаўных органаў”, - падкрэсліў іерарх. Кардынал Паралін нагадаў, што 13 сакавіка 2015 г. ён ужо казаў СМІ, аб сваім жаданні, каб яго візіт папярэднічаў візіту папы Францішка ў Беларусь.

Дзяржсакратар Яго Святасці Папы падкрэсліў, што Беларусь можа стаць прыкладам суіснавання розных культурных і рэлігійных традыцый. “Я мяркую, што Беларусь можа быць мадэллю для нашага свету, які пакутуе ад канфліктаў тады, калі адметнасці, замест таго, каб станавіцца крыніцамі ўзаемнага ўзбагачэння, становяцца крыніцамі падзелаў і насілля”, - лічыць пурпурат.

Падчас прэс-канферэнцыі ўздымаліся таксама пытанні нармалізацыі адносін паміж Беларуссю і Захадам. “З таго, што я ўбачыў, можна казаць аб намеры з боку беларускіх уладаў да большай адкрытасці ў адносінах да Еўрасаюзу, астатняга свету. Ёсць глыбокая перакананасць , ёсць дух, які кіруе ватыканскай дыпламатыяй. Ён заключаецца ў тым, што цяжкасці, якія могуць існаваць, павінны вырашацца не праз закрытасць, ізаляцыю, а праз дыялог, узаемную дапамогу, якія садзейнічаюць збліжэнню і дапамагаюць рухацца. Святы Пасад рады прапанаваць свой уклад у гэты працэс”, - заявіў Дзяржсакратар.

Кардынал Паралін таксама адзначыў, што Апостальская Сталіца адкрыта на дыялог з Беларуссю. Гаворачы пра магчымы візіт у Ватыкан Прэзідэнта краіны Аляксандра Лукашэнкі пурпурат адзначыў, што Святы Пасад гатовы да яго. Ён патлумачыў, што “згодна з пратаколам Святога Пасаду палітычным лідэрам не накіроўваюцца запрашэнні для правядзення сустрэч з Папам”. “Гэта канешне не выключае наяўнасці з абодвух бакоў узаемнай гатоўнасці і зацікаўленасці адносна правядзення такой сустрэчы”, - дадаў ён.








All the contents on this site are copyrighted ©.