2015-03-15 13:33:00

Францішак: крыж Хрыста – найвышэйшы доказ любові Бога


Бог любіць людзей бескарысліва і бязмежна – гэтымі словамі можна абагульніць усё Евангелле і ўсю тэалогію, адзначыў папа Францішак 15 сакавіка 2015 г. перад малітвай “Анёл Панскі” на плошчы св. Пятра. Францішак заклікаў вернікаў, каб іх велікапосны шлях стаў шляхам прабачэння, адкрытасці і любові. “Сённяшняе Евангелле прапануе нам словы скіраваныя Езусам да Нікадэма: “Бо так палюбіў Бог свет, што аддаў Сына свайго Адзінароднага” (Ян 3,16). Слухаючы гэтыя словы, скіруем позірк нашых сэрцаў на Езуса Укрыжаванага і адчуем унутры сябе, што Бог нас любіць, любіць па-сапраўднаму і любіць вельмі моцна! Вось самы просты выраз, якія абагульняе ўсё Евангелле, усю веру, усю тэалогію: Бог нас любіць любоўю бескарыслівай і бязмежнай. Так нас любіць Бог!

Гэту любоў Бог нам дэманструе перш за ўсё ў стварэнні, як абвячшае літургія ў VI Эўхарыстычнай малітве: “Паклікаў усё да існавання, каб напоўніць благаслаўленнем свае стварэнні і радаваць многіх яснасцю святла Твайго”. На пачатку сувету знаходзіцца свабодная і бескарыслівая любоў Айца. Св. Ірыней, святы першых стагоддзяў, пісаў: “Бог не стварыў Адама таму што меў патрэбу ў чалавеку, але, каб мець, каго адарыць сваімі ласкамі” (Adversus haereses, IV, 14, 1). Такая любоў Бога!

Так працягваецца IV Эўхарыстычная малітва: “Калі ж ён праз непаслухмянасць страціў Тваю прыязнасць, Ты не пакінуў яго пад уладаю смерці, але міласэрна дапамог усім, каб Цябе шукалі і знаходзілі”. Ён прыйшоў са сваёй міласэрнасцю! Як падчас стварэння, так і ў наступныя моманты гісторыі збаўлення, праяўляецца бескарыслівасць любові Божай: Пан выбраў свой народ не таму што той гэтага заслугоўваў, а сказаў яму: “Я выбраў цябе, менавіта таму што ты найменьшы з усіх народаў”. А калі надыйшла “поўня часу”, нягледзячы на тое, што людзі шмат разоў парушалі запавет з Богам, нават адмаўляліся ад яго, Ён заключыў з імі новую сувязь, праз кроў Езуса – сувязь новага і вечнага запавету – сувязь, якую нішто не зможа разарваць.

Св. Павел нам нагадвае: “Бог, будучы багатым на міласэрнасць, у сваёй вялікай любові палюбіў нас, і нас, мёртвых з-за грахоў, ажывіў разам з Хрыстом” (Эф 2,4). Крыж Хрыста – гэта найвышэйшы доказ міласэрнасці і любові Бога да нас: Езус нас палюбіў “да канца” (Ян 13,1), гэта значыць не толькі да апошняга моманту свайго зямнога жыцця, але аж да крайняй межы любові. Калі ў стварэнні Ён даў нам доказ сваёй бязмежнай любові даруючы нам жыццё, у муцы і смерці Сына даў нам доказ доказаў: прыйшоў пакутаваць і памерці разам з намі. І гэта па прычыне любові: такая вялікая міласэрнасць Бога! Таму што Ён нас любіць, прабачае. У сваёй міласэрнасці Бог прабачае ўсё, Бог прабачае заўсёды.

Няхай Марыя, якая з’яўляецца Маці Міласэрнасці, напоўніць нашы сэрцы упэўненасцю ў тым, што Бог нас любіць. Няхай будзе побач з намі ў моманты цяжкасцяў і падорыць нам пачуцці свайго Сына, каб наш велікапосны шлях быў выразам прабачэння, адкрытасці і міласэрнасці.

Пасля марыйнай малітвы Папа памаліўся аб міры ў Пакістане, дзе ў выніку тэрактаў здзейсненых у двух хрысціянскіх храмах у райне Юханабад загінулі па меншай меры 10 чалавек. Святы Айцец памаліўся за ахвяраў трагедыі і іх блізкіх і ў чарговы раз заклікаў пакласці канец “схаванаму пераследу” хрысціян у свеце.








All the contents on this site are copyrighted ©.