2015-03-19 12:48:00

Беларусь: упершыню неакатэхумены публічна вызнаюць веру


Першыя неакатэхумены ў Беларусі дасягнулі этапу “Reditio Simboli” – публічнага вызнання сваёй веры перад усёй парафіяй. Такі этап цяпер трывае ў гомельскай парафіі Нараджэння Маці Божай, дзе Неакатэхуменальны шлях пачаў дзейнасць у 1992 г. – упершыню ў Беларусі. Тройчы на тыдзень пасля св. Імшы вернікі з першай гомельскай супольнасці выходзяць да алтара, каб публічна вызнаць сваю веру. За 23 гады да гэтага этапу дайшлі каля 25 неакатэхуменаў. А нядаўна яны вызнавалі веру не толькі перад парафіяй, але і перад Біскупам Пінскім Антоніем Дзям’янкам, які адмыслова дзеля гэтага прыехаў у Гомель.

Ксёндз Славамір Ласкоўскі, пробашч парафіі, распавёў аб сутнасці этапу “Reditio Simboli” Беларускай рэдакцыі Ватыканскага радыё: “Тое, што адбываецца сёння ў нашай парафіі, – гэта новы этап у жыцці супольнасці неакатэхуменаў. Падчас вячэрніх Нешпараў браты і сёстры з першай суполкі ўрачыста складаюць сваё вызнанне веры. Гэта частка абнаўлення святога хросту, час для тых, хто жыве ў гэтай супольнасці, публічна сказаць: чаму вераць у Бога-Айца, у Езуса Хрыста, чаму вераць у Духа Святога, у Святы Касцёл і яго вучэнне, у жыццё вечнае і прабачэнне грахоў – усе часткі “Сімвалу веры”. І рабіць гэта трэба не толькі на словах – дзеянне Бога павінна быць бачна ў жыцці, таму браты і сёстры сведчаць гісторыяй свайго жыцця”.

Пробашч адзначыў і важнасць слоў папы Францішка – каб не было так, што мы, ахрышчаныя, жывём быццам язычнікі. Дарэчы, не так даўно Пантыфік прымаў Неакатэхуменальныя супольнасці, выказваў словы падтрымкі, казаў аб тым, што Шлях – частка харызмату ўсяго Касцёла. “І для мяне вялікая радасць, што супольнасці ёсць і ў Гомелі, што мы можам удзельнічаць у гэтай місіі Касцёла, пра якую гаварыў Папа - выйсці за муры нашых святыняў, выйсці за межы звычайнага душпастырства, якое хоча толькі захаваць тое, што мае. А трэба стварыць умовы, каб у нашых парафіях было душпастырства місійнае – тое, якое шукае загубленых, тых, што адышлі ад Хрыста або не ведаюць Яго”, - падкрэсліў кс. Славамір.

Падчас удзелу ў чарговым публічным вызнанні веры неакатэхуменамі Біскуп Пінскі Антоні Дзям’янка таксама выйшаў да алтара і падзяліўся сваім сведчаннем. Ён распавёў гомельскім вернікам аб сваім шляху: як цяжка, хаваючыся, было наведваць Касцёл у дзяцінстве падчас атэістычнага засілля, як ужо будучы ксяндзом служыў у войску. Яго адправілі ў будаўнічы батальён, дзе шмат было мусульманаў – выхадцаў з Сярэдняй Азіі, а таксама былых прадстаўнікоў крыміналу. Штораніцы малады ксёндз прачынаўся а палове пятай, за паўтары гадзіны да таго, як прачнуцца ўсе, каб цэлебраваць св. Імшу. Іншыя адразу прыкмецілі такія асаблівасці хлопца і пачалі распытваць пра яго веру. І святар публічна вызнаваў Хрыста. Не лёгка яму было і пасля вяртання з войска, ёсць сур'ёзныя заданні і падчас кіраўніцтва вялізнай дыяцэзіяй. Не ўсё атрымліваецца так, як хацелася б, і такім чынам Бог вядзе біскупа да пакоры, да ўзрастання ў веры.

Біскуп выказаў сваё меркаванне наконт новага этапу неакатэхуменаў: “Супольнасці Неакатэхуменату шырока вядомыя не толькі ў Беларусі, але і за яе межамі. Гэта спосаб паказаць Бога сучаснаму чалавеку і навучыць жыць па-хрысціянску. Асабліва ў буйных гарадах, дзе жыццё бурліць, часам гіне духоўная спадчына. Але вядома, што кожны чалавек ад Бога выйшаў і да Бога ідзе. Неакатэхуменат гэта робіць асаблівым чынам, гэта праверана ў многіх дзяржавах, статуты зацверджаныя Касцёлам. І мне прыемна, што на пэўным этапе людзі даспелі да таго, каб таксама выказацца аб веры, расказаць пра сваю дарогу да Хрыста, якія не баяцца сведчыць аб Хрысце словам і, спадзяемся, сваімі чынамі ў жыцці. Сведчыць аб тым, у што вераць, якімі прынцыпамі кіруюцца ў жыцці. Людзі рознага ўзросту на гэтым этапе дайшлі да таго, што самі могуць выказацца і ў святле Хрыстовай навукі асэнсаваць сваё жыццё, паставіць пэўныя патрабаванні адносна таго, якіх прыярытэтаў хочуць трымацца ў жыцці далей”.

Кс. Славамір, у сваю чаргу, дадаў, што кожная супольнасць – гэта людзі розных узростаў, ад школьнікаў да пенсіянераў, ёсць сямейныя пары і адзінокія, удовы і ўдаўцы, ёсць людзі вельмі адукаваныя, якія працуюць у школах і ўніверсітэтах, а ёсць і простыя рабочыя. І гэта вельмі цудоўны знак таго, як Езус Хрыстус дае сапраўднае адзінства і з'яўляецца падмуркам жыцця суполкі. Не так важна, з’яўляешся ты катэхуменам ці неакатэхуменам, важна, каб ты ішоў пастаянна па дарозе, якая вядзе да паўнаты веры.

Адзін з тых неакатэхуменаў, які таксама будзе публічна сведчыць аб сваёй веры – 59-гадовы Ежы Кукліцкі падзяліўся сваім сведчаннем з Ватыканскім радыё: “Калі я прыйшоў да Касцёла, убачыў, што быў сляпы, глухі і нямы. Бо зусім іншыя былі прыярытэты, я не адчуваў радасці і шчасця ў сваім жыцці. А на гэтым шляху, калі Езус Хрыстус стаў наперадзе, я ўбачыў, што шмат змянілася. Я ўбачыў, што вакол мяне ёсць людзі, якіх магу любіць, а раней гэтага не рабіў, бо лічыў, што ўсё павінна круціцца вакол мяне, што ўсе павінны любіць мяне. Інакш гэтыя людзі паміралі для мяне. У дзяцінстве я не быў задаволены сваімі бацькамі, вельмі часта крыўдзіўся на іх. Нават свайго бацьку не называў бацькам, бо ён быў вельмі строгім. Зараз жа бачу, што ўсё змянілася. Я люблю свайго бацьку і шаную яго, і гэта справа Езуса Хрыста. Калі б не Ён, у мяне ўжо не было б сям’і. Але любоў Езуса Хрыста, як прыклад да мяне, яна паказвае, што можна любіць сваю жонку, з пашанай ставіцца да яе, мець вельмі шчаслівае жыццё”.

Дарэчы, у гэты ж час праходзяць апошнія рэкалекцыі (канвівенцыя, як называюць такія сустрэчы ў Неакатэхуменаце) для новых парафіянаў. Вынікам 2-месячных катэхез стала ўтварэнне новай супольнасці.

Павел Міцкевіч, Пінская дыяцэзія.








All the contents on this site are copyrighted ©.