2015-03-20 13:07:00

Святы Айцец прыняў біскупаў з Японіі


20 сакавіка 2015 г. папа Францішак прыняў на аўдыенцыі біскупаў з Японіі, якія прыбылі ў Рым у рамках візіту “ad limina Apostolorum”. У звароце, перададзеным іерархам, ён нагадаў, што асноўнымі слупамі каталіцкай гісторыі Японіі з’яўляюцца місіянерства і дзейнасць “патаемных хрысціянаў”. Сярод місіянераў, якія праслаўлялі імя Езуса ў Японіі, Пантыфік узгадаў, у першую чаргу, св. Францішка Ксаверыя і св. Паўла Мікі. Але нават калі ўсе місіянеры і святары былі высланы з краіны, вера каталіцкай супольнасці Японіі не астыла: яна змагла захавацца ў перыяд вялікай небяспекі і пераследу. На думку Папы, гэтая гістарычная спадчына працягвае падтрымліваць і ўпрыгожваць жыццё японскага Касцёла і сёння.

Пантыфік падзякаваў місіянерам, святарам, свецкім вернікам Японіі за іх вялікадушную дапамогу у задавальненні патрэб не толькі каталіцкай супольнасці, але і шырэйшых пластоў японскага грамадства. Мясцовы Касцёл, хаця і нешматлікі, карыстаецца вялікай павагай ў японскім грамадстве дзякуючы служэнню людзям незалежна ад іх рэлігійнай прыналежнасці. Папа Францішак высока ацаніў ініцыятывы Каталіцкага касцёла Японіі ў галіне адукацыі, аховы здароўя, дапамогі пажылым, слабым, інвалідам, а таксама дабрачынную дзейнасць у адказ на трагічныя наступствы цунамі. Пантыфік таксама падзякаваў японскім біскупам за ініцыятывы на карысць міру, асабліва за сведчанне пра пакуты Хірасімы і Нагасакі ў канцы Другой сусветнай вайны.

Святы Айцец заклікаў японскіх іерархаў працягваць дыялог паміж Касцёлам і грамадствам Японіі, спрыяць паразуменню і пашырэнню супрацоўніцтва дзеля грамадскага дабрабыту.








All the contents on this site are copyrighted ©.