2015-03-22 14:22:00

Арцыбіскуп Ауса на форуме ААН аб статусе жанчын


19 сакавіка 2015 г. прадстаўнік Апостальскай Сталіцы пры ААН арцыбіскуп Бернардзіта Ауса прыняў удзел ў пасяджэнні, якое праходзіла ў Нью-Ёрку  на тэму рэалізацыі так званай Пекінскай дэкларацыі адносна ўбоства і роўнасці жанчын у вобласці развіцця на перыяд пасля 2015 г. У сваім звароце прадстаўнік Святога Пасаду сказаў, што за апошнія 10 год быў дасягнуты значны прагрэс у шматлікіх аспектах, якія тычацца жанчын, асабліва ў такіх галінах як адукацыя, іх удзел у палітычным і эканамічным жыцці, ці зніжэнне ўзроўню беднасці. “Аднак негледзячы на гэтыя станоўчыя вынікі надалей занадта многа жанчын па-ранейшаму становяцца ахвярамі дыскрымінацыі і насілля”, - лічыць ватыканскі дыпламат.

Арцыбіскуп Бернардзіта Ауса адзначыў, што ліквідацыя галечы, асабліва крайняга ўбоства, з’яўляецца важнай для Ватыкана. Каталіцкі Касцёл мае вялікі досвед у працы з беднымі, рэалізуючы тысячы праграм па гэтым пытанні  і кіруючы шматлікімі ўстановамі ва ўсім свеце. “Жанчыны асабліва адчуваюць эфекты эканамічных цяжкасцяў, якія цесна звязаны з нядобрасумленнай палітыкай ў галіне занятасці, ці з няроўнасцю ў зарплаце за тую ж самую працу. Яны з’яўляюцца першымі ахвярамі ў сітуацыях канфлікту і міграцыі. Хаця жанчыны складаюць большасць сярод бедных людзей, але яны стаяць на першай лініі мужнай барацьбы за адстараненне крайняй галечы”, - сказаў прадстаўнік Апостальскай Сталіцы пры ААН.

Іерарх таксама адзначыў, што вынікі даследванняў пацвярджаюць, што слабыя структуры сям’і і зніжэнне колькасці шлюбаў паміж беднымі -  шчыльна звязаны з беднасцю жанчын. Ён падкрэсліў, што самотныя маці, якія выхоўваюць дзяцей, часта пакінутыя самім сабе. Шматлікія маці не могуць дазволіць сабе  пасылаць дзяцей ў школу. “І хоць ўрады і грамадствы самі не ствараюць сем’яў, то аднак яны гуляюць ключавую ролю ў падтрымцы сям’і  і ў выхаванні дзяцей”, - сказаў арцыбіскуп Аўса.

Ян Мойсік








All the contents on this site are copyrighted ©.