2015-03-24 09:44:00

Касцёл успамінае місіянераў-мучанікаў


24 cакавіка ў Каталіцкім Касцёле адзначаецца Дзень малітвы і посту ў памяць аб місіянерах-мучаніках. Гэта тэма не тычыцца толькі першых стагоддзяў хрысціянства, але застаецца актуальнай да нашага часу. Агульная колькасць загінуўшых за Евангелле ў перыяд паміж 1980-2014 гг. складае 1062 асобы.

Паводле агенцтва “Fides”, у перыяд паміж 1980-1989 гг. у свеце загінулі 115 місіянераў. У наступнае дзесяцігоддзе, з 1990 па 2000 г., гэта лічба павялічылася да 604, галоўным чынам, як наступства генацыду ў Руандзе, падчас якога былі забіты 248 святароў, законнікаў, законніц і свецкіх касцёльных супрацоўнікаў. У перыяд паміж 2001-2014 гг. загінулі 343 місіянеры. За мінулы год, аддалі жыццё за Евангелле 17 святароў, 1 законнік, 6 законніц, 1 семінарыст і 1 свецкі вернік – 26 чалавек.

Дзень малітвы і посту ў памяць аб місіянерах-мучаніках быў устаноўлены па ініцыятыве італьянскага Моладзевага руху Папскіх місійных ініцыятыў. Дата – 24 сакавіка – была выбрана невыпадкова: менавіта ў гэты дзень, у 1980 г., быў забіты ў часе цэлебрацыі св. Імшы, арцыбіскуп Сан-Сальвадора Оскар Арнульфа Рамэра-і-Гальдамес, беатыфікацыя якога адбудзецца 23 мая 2015 г. Ініцыятыва мае на мэце абуджэнне памяці пра людзей, якія пралілі сваю кроў даючы сведчанне аб Евангеллі.








All the contents on this site are copyrighted ©.