2015-03-24 13:58:00

Новая дабрачынная латэрэя праходзіць у Ватыкане


У Ватыкане праходзіць чарговая дабрачынная латэрэя, сродкі ад якой пойдуць на дапамогу патрабуючым. Упершыню падобная ініцыятыва была арганізавана напрыканцы 2014 г., а яе вынікі былі падведзены ўручэннем адпаведных прызоў пераможцам. Францішак выказаў сваю шчырую ўдзячнасць тым, хто прыняў удзел у ініцыятыве і перадаў усе выручаныя ад яе грошы ў распараджэнне Апостальскага элемазінарыя – свайго памочніка, якія займаецца клопатам пра бедных і бяздомных. Улічваючы той факт, што ў латэрэі актыўна і шчодра ўдзельнічала вялікая колькасць людзей, Пантыфік ахвяраваў некаторыя каштоўныя рэчы, якія былі яму падараваны раней, каб правесці латэрэю яшчэ раз.

Галоўны прыз новай ватыканскай латэрэі – аўтамабіль “Кіа Соўл” у поўнай камплектацыі. У прызавы фонд уваходзяць таксама веласіпед з электраматорам, каштоўны падсвечнік, спальная мэбля, сярэбраныя рамкі, керамічная лампада, ручка “Паркер” і іншыя рэчы.

Прыняць удзел у розыгрышы прызоў могуць усе жадаючыя. Для гэтага неабходна набыць латэрэйны білет, коштам 10 еўра, у адной з ватыканскіх устаноў, сярод якіх: аптэка, пошта, супермаркет і ўніверсам, гандлёвыя кропкі Нумізматычнага і філатэлістычнага бюро, Ватыканскія музеі і інш. Продаж білетаў будзе здзейсняцца да 29 чэрвеня 2015 г. У гэты дзень у Каталіцкім Касцёле адзначаецца ўрачыстасць святых апосталаў Пятра і Паўла. Пераможцы латэрэі будуць абвешчаны на наступны дзень – 30 чэрвеня 2015 г. Усе выручаныя ад яе сродкі будуць перададзены асабіста Святому Айцу і пойдуць на дапамогу бедным і патрабуючым.








All the contents on this site are copyrighted ©.