2015-03-24 11:56:00

Святы Айцец: прымаць шляхі збаўлення без нараканняў


Вялікі Тыдзень павінен дапамагчы хрысціянам прыняць Божую падтрымку без крытыкі і пярэчанняў. Пра гэта Францішак казаў 24 сакавіка 2015 г. падчас ранішняй Эўхарыстыі ў Ватыкане. “Духоўныя капрызы” перад Богам, Які тысячу рознымі спосабамі прапануе збаўленне, былі ў цэнтры ўвагі Папы. Ён заўважыў, што часта, будучы людзьмі няздольнымі прыняць “Божага стылю”, мы засмучаемся і скачваемся да наракання. Гэта памылка, якую сёння здзейсняюць шматлікія хрысціяне. Яна, аднак, не новая: Біблія апавядае, што так паступаў і выбраны народ, збаўлены ад рабства.

Францішак пачаў сваю гамілію з разважання над літургічным урыўкам з кнігі Лічбаў, у якім гаворка ішла пра нараканні габрэяў, перад абліччам цяжкасцяў, якія сустрэлі ў пустыні, уцякаючы з Егіпту. Яны гублялі цярплівасць і пачыналі казаць супраць Бога, а многія з іх памерлі ад ядавітых змеяў. Выратаваннем ад атруты была толькі заступніцкая малітва Майсея, а таксама медны змей, узняты на жэрдзі, для тых хто на яго глядзеў – знак крыжа, на якім будзе ўзняты Езус.

“Таксама і сярод нас, хрысціян, ёсць вялікая колькасць крыху атручаных гэтай незадаволенасцю жыццём”, - заўважыў Папа. Францішак звярнуў увагу на вернікаў, якія заўсёды ставяць Богу свае ўмовы, наракаюць і не жадаюць прымаць Яго шляхоў. Яны часта кажуць: “Бог добры, але...”, “Хачу быць збаўленым, але так як мне хочацца...”.

Такая жыццёвая пазіцыя атручвае сэрцы, – сказаў Святы Айцец – таму што непрыняцце дару, які Бог чыніць згодна са сваім стылем, з’яўляецца сапраўднай атрутай.  “Душэўная цёпласць”, быццё хрысціянамі напалову, вернікамі, якія пастаянна кажуць Богу “але”, паводле Францішка, атручвае душу, пазбаўляе радасці і спыняе.

Езус, адкупіў ад гэтага граху праз узыходжанне на Галготу, адзначыў ён і дадаў, што толькі сузіранне Яго ахвяры можа вярнуць здаровую веру. “Энтузіязм, які быў напачатку шляху з Езусам і які саступіў месца незадаволенасці, лечыцца толькі ўгляданнем у Крыж, угляданнем у Бога, які ўзяў на сябе нашы грахі”, - падкрэсліў Францішак.

На заканчэнне гаміліі Папа заклікаў вернікаў прасіць у Бога аб ласцы прыняцця цяжкіх сітуацый, прыняцця Яго стылю збаўлення, “някчэмнай ежы” на якую наракалі габрэі ў пустыні, шляхоў, якімі Бог дапамагае ісці наперад. “Няхай гэты Вялікі Тыдзень, які пачнецца ў нядзелю, дапаможа нам выйсці са спакусы быцця хрысціянамі, якія пастаянна кажуць “але”, - пажадаў Святы Айцец.








All the contents on this site are copyrighted ©.