2015-03-24 15:05:00

У Ватыкане адзначаюць юбілей “Evangelium vitae”


Апостальская Сталіца арганізавала шэраг мерапрыемстваў з нагоды 20-годдзя энцыкліцы св. Ян Паўла ІІ “Evangelium vitae”. Дакумент аб каштоўнасці і непарушнасці чалавечага жыцця быў апубліваны 25 сакавіка 1995 г., ва ўрачытасць Звеставання Пана. У рамках святкавання яго юбілею ў рымскай базыліцы Санта Марыя Маджорэ адбудзецца малітоўнае чуванне падрыхтаванае Папскай рада па справах сям’і. Яно пачнецца вечарам 24 сакавіка. Падчас яго прагучаць разважанні, натхнёныя мастацкай прыгажосцю элементаў святыні, адбудзецца ружанцовая малітва і Эўхарыстыя, якую ўзначаліць старшыня гэтай ватыканскай дыкастэрыі арцыбіскуп Вінчэнца Палья.

Падобныя малітоўныя чуванні пройдуць таксама ў некаторых іншых марыйных санктуарыях у розных кутках свету: у Фаціме, Лурдзе, Гвадэлупэ. У Назарэце чуванне з гэтай нагоды прайшло 21 сакавіка.

У сваю чаргу, Папская рада пастырства работнікаў сферы аховы здароўя, з нагоды 20-годдзя энцыклікі арганізавала навуковую канферэнцыю, якая пройдзе ў Ватыкане 25 сакавіка. У яе рамках будуць абмяркоўвацца яўныя і схаваныя выклікі для жыцця, якія існуюць у сучасным свеце. У форуме прыме ўдзел шэраг еўрапейскіх навукоўцаў і экспертаў у сферы абароны чалавечага жыцця.

Энцыкліка св. Ян Паўла ІІ “Evangelium vitae” закранае фундаментальныя пытанні, якія тычацца чалавечай асобы ва ўсіх аспектах яе існавання і раскрывае этычнае навучанне Каталіцкага Касцёла аб смяротным пакаранні, абортах, эўтаназіі.








All the contents on this site are copyrighted ©.