2015-03-25 15:08:00

Апублікавана праграма візіту Папы ў Турын


21-22 чэрвеня 2015 г. адбудзецца візіт Святога Айца ў італьянскі Турын. Яго  праграма была апублікавана 25 сакавіка 2015 г. Залай Друку Апостальскай Сталіцы. Нагодай для гэтага падарожжа стане выстаўленне знакамітай Турынскай плашчаніцы і святкаванне 200-годдзя з дня нараджэння св. Яна Боска. Двухдзённы візіт Пантыфіка будзе насычаны падзеямі. Папа прыбудзе ў Турын на самалёце раніцай 21 чэрвеня. З аэрапорта ён накіруецца на плошчу перад Каралеўскім палацам, дзе адбудзецца яго сустрэча з прадстаўнікамі свету працы. Пасля яе заканчэння Святы Айцец пешшу пройдзе да катэдральнага касцёла, у якім памоліцца перад Турынскай плашчаніцай і алтаром бл. Пьер Джорджыа Фрасаці. У 10.45 Францішак узначаліць Эўхарыстыю на плошчы Вітторыа-Вэнета, пасля чаго накіруецца ў мясцовую курыю, дзе паадебае разам з некаторымі вязнямі турынскай турмы для непаўналетніх, эмігрантамі, бяздомнымі і адной цыганскай сям’ёй.

Пасля абеду Святы Айцец правядзе некаторы час на прыватнай малітве ў санктуарыі Маці Божай Суцяшэння. У 15.00 запланавана яго сустрэча з членамі Таварыства св. Францішка Сальскага і кангрэгацыі Дачок Марыі Успамогі Хрысціянаў. У касцёле св. Юзафа Каталенга Папа сустрэнецца з хворымі і інвалідамі. У 18.00, на плошчы Вітторыа-Вэнета адбудзецца яго сустрэча з моладзю.

22 чэрвеня 2015 г. Святы Айцец наведае храм Вальдэнсіянскай Евангельскай Царквы. Гаворка ідзе пра першы ў гісторыі візіт Рымскага Пантыфіка ў святыню гэтай канфесіі. Тут Папа правядзе сустрэчу з вальдэнсіянскімі пастарамі і выступіць з прамовай. Перад вяртаннем у Ватыкан, Францішак падзякуе камітэту па арганізацыі выстаўлення Турынскай плашчаніцы і асобам, якія падрыхтавалі яго падарожжа.

Аб сваім намеры памаліцца перад Турынскай плашчаніцай і прыняць удзел у святкаванні 200-годдзя з дня нараджэння св. Яна Боска Францішак абвясціў 5 лістапада 2014 г. Візіт у Турын стане яго першым двухдзённым падарожжам па тэрыторыі Італіі. Звычайна Папа абмяжоўваецца аднадзённымі візітамі. Выстаўленне Турынскай плашчаніцы будзе працягвацца з 19 красавіка па 24 чэрвеня 2015 г. 








All the contents on this site are copyrighted ©.