2015-03-26 09:56:00

Беларусь: расце патрэба ў пабудове касцёлаў


Агульнаеўрапейскія тэндэнцыі ўнутранай міграцыі насельніцтва актуальныя і ў Беларусі: вёскі выміраюць, іх жыхары ўсё часцей пераязджаюць у гарады. Гэта стала новым выклікам і для Касцёла. Аб патрэбах дыяцэзіі ў новых храмах Беларускай рэдакцыі Ватыканскага радыё распавёў Біскуп Пінскі Антоні Дзям’янка.

“Мы жывём у тыя часы, калі існуе вельмі моцная міграцыя з вёсак у гарады, і не толькі раённыя, але найбольш у буйныя. У Пінскай дыяцэзіі вельмі імкліва развіваюцца такія гарады як: Брэст, Гомель, Мазыр, Пінск, Баранавічы, Светлагорск, Кобрын. Вясковыя парафіі паволі колькасна змяншаюцца. Маладыя людзі, а таксама вернікі сярэдняга ўзросту перабіраюцца жыць у новыя мікрараёны вялікіх гарадоў. І прысутнасць католікаў у гэтых мікрараёнах, як і прадстаўнікоў іншых канфесій, павінна быць. Пераязджаюць сем’і, нараджаюцца дзеці, і ім таксама трэба забяспечыць духоўны падмурак. Таму лічу, што на сённяшні час у новых мікрараёнах толькі названых гарадоў трэба пабудаваць яшчэ мінімум 15 святыняў. Мы не хочам узводзіць вялікіх касцёлаў, напрыклад, як Пінская катэдра, патрэбныя храмы меншых памераў. І бачым, што там, дзе ўжо пабудаваны такія касцёлы – напрыклад, у Брэсце касцёл св. Юзафа, у Баранавічах касцёл Маці Божай Фацімскай – яны адразу запаўняюцца вернікамі”, - патлумачыў біскуп.

Нядаўна ён меў сустрэчу з мясцовымі ўладамі ў Гомелі па пытанні будаўніцтва касцёла. Ёсць надзея, што гэта спатканне зрушыць пытанні з мёртвай кропкі і зямля пад новы храм будзе выдзелена ў хуткім часе.

Павел Міцкевіч, Пінская дыяцэзія.








All the contents on this site are copyrighted ©.