2015-03-26 10:53:00

Святы Пасад пра Мэты ўстойлівага развіцця


24 сакавіка 2015 г. прадстаўнік Апостальскай Сталіцы пры ААН арцыбіскуп Бернардзіта Ауса прыняў удзел у міжурадавых перамовах, прысвечаных Парадку дня ў галіне развіцця на перыяд пасля 2015 г, якія праходзяць у Нью-Ёрку. У сваім звароце да ўдзельнікаў паседжання дыпламат адзначыў амбіцыйную і запатрабаваную прыроду Мэтаў устойлівага развіцця, якія павінны грунтавацца на трох слупах – эканамічным, сацыяльным і экалагічным развіцці. У цэнтры ўвагі павінны знаходзіцца пытанні выкаранення беднасці і дасягнення годнага ўзроўню жыцця для ўсіх. На думку ватыканскага іерарха, Мэты ўстойлівага развіцця павінны ўлічваць патрэбы найменш развітых краін, а таксама рэгіёнаў, закранутых стыхійнымі бедствамі і ўзброенымі канфліктамі.

Апостальская Сталіца спадзяецца ўбачыць значны прагрэс у выніку ажыццяўлення Мэт устойлівага развіцця. Гэты прагрэс павінен быць ацэнены з дапамогай індыкатараў, узгодненых з усімі зацікаўленымі бакамі. Гэтыя індыкатары павінны адлюстроўваць і ўлічваць нацыянальныя каштоўнасці, а таксама асаблівасці дзяржаўнай палітыкі і заканадаўства. Нарэшце, яны павінны быць глабальнымі і рэалістычнымі, каб іх маглі дасягнуць не толькі развітыя краіны, але і краіны, якія знаходзяцца на шляху развіцця.








All the contents on this site are copyrighted ©.